Фестывальная плошча каля раённага цэнтра культуры 7 студзеня стала месцам правядзення народнага свята “К нам прыйшла Каляда”.
Для тых, хто сабраўся ля прыгажуні елкі, было падрыхтавана сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне. Гасцей віталі Лявон і Ганна. А яшчэ ў спектаклі ўдзельнічалі калядоўшчыкі, Пракоп, механоша, цыганка, казачныя мядзведзь, каза і чорт.
Перад клімаўчанамі выступілі народны вакальны жаночы ансамбль “Задорніцы”, народны ансамбль народнай песні “Беразуха”, народны хор ветэранаў працы імя Леаніда Ячнева. Удзельнікі мерапрыемства ўбачылі калядныя варожбы, паўдзельнічалі ў гульнях.
У гэтыя святочныя дні людзі традыцыйна адорваюць адзін аднаго падарункамі. І тут не важна колькі, ён каштуе, галоўнае — аддзячыць таго ці іншага чалавека, зрабіць яму прыемнае.
Нагадаем нашым паважаным чытачам, што па 15 студзеня на Клімаўшчыне працягваюцца дзве маштабныя дабрачынныя акцыі “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы”. У іх ўдзельнічаюць прадстаўнікі органаў улады, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дэпутаты і, наогул, усе добразычлівыя людзі. Сваю ўвагу і любоў мы адрасуем дзецям і людзям сталага ўзросту.
На працягу некалькіх тыдняў мерапрыемствамі акцый на Клімаўшчыне было ахоплена некалькі тысяч чалавек. Яшчэ ёсць пэўны час, каб зрабіць падарунак тым, хто побач з вамі.