У Краснаполлі адбылося VI рэгіянальнае свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну”. Па традыцыі ўдзел у ім прынялі і клімаўчане.
Свята было прысвечана знакамітаму выхадцу з Краснапольшчыны — паэту, заслужанаму дзеячу культуры БССР Аляксею Пысіну.
— Мы ганарымся, што Клімаўшчына багатая на творчых людзей, і стараемся прымаць удзел у розных конкурсах, фестывалях і іншых мерапрыемствах, — кажа дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Таццяна Даменікан. — І самі праводзім творчыя мерапрыемствы (традыцыйным стаў конкурс паэзіі і прозы “Пяра чароўнага тварэнне”, напрыклад).
Прыемна, што нашы землякі абавязкова прывозяць з конкурсаў узнагароды. Вось і на гэты раз дыпломамі першай і другой ступені адзначаны вершы Уладзіміра Босава, два дыпломы другой ступені ўручаны Ірыне Навагродскай. Таксама лаўрэатам уручаўся зборнік “Паэтычная скарбонка”, у які ўвайшлі ўсе вершы аўтараў — удзельнікаў конкурсу.
— Я родам з Краснапольшчыны, і мне прыемна ўдзельнічаць у конкурсе паэзіі, які праводзіцца на маёй малой радзіме, — кажа Уладзімір Босаў. — Вельмі радасна, што мае вершы былі гэтак высока ацэнены журы і я атрымаў дзве ўзнагароды.
Цяперашні конкурс сабраў паэтаў з сямі раёнаў.
Свята паэзіі было прысвечана 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, як і конкурс аўтарскіх вершаў “Мая Радзіма — Беларусь”. Удзельнікі спаборнічалі ў трох намінацыях: “Я слаўлю Радзіму сваю”, “Вянок Аляксею Пысіну”, “Свабодная тэма”. Таксама паэтам было прапанавана напісаць тэкст песні на тэму “80 гадоў без вайны” і свабодную тэму.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі Магілёўскай абласной бібліятэкі ім. В.І.Леніна, старшыня Магілёўскага аб’яднання ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Аляксандр Казека, член Міжнароднай грамадскай арганізацыі “Саюз пісьменнікаў і майстроў мастацтваў” Вера Стасенка.