21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.
У цэнтральную раённую бібліятэку імя І. Пехцерава на інтэлектуальную гульню «Ручай крыштальны мовы роднай» запрасілі вучняў з навучальных устаноў горада Клімавічы і аграгарадка Ціманава. У мерапрыемстве прымалі ўдзел пяць каманд: “Валошкі” (сярэдняя школа № 1), “Васількі” (сярэдняя школа № 3), “Чыстасардэчнае няведанне” (сярэдняя школа № 4), “Новае пакаленне” (раённая гімназія) і “Нашчадкі” (Ціманаўская сярэдняя школа).
Сачыць за ходам гульні, а таксама збіраць у каманд карткі з адказамі запрасілі журы. У яго склад увайшлі намеснік дырэктара ДУК “Клімавіцкая бібліятэчная сетка” Юліана Клімянкова, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Аліна Рабцава, аматар-краязнаўца Ірына Навагродская, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Вольга Максімовіч.
Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі каля дзесяці розных заданняў. Удзельнікам трэба было паказаць свае веды ў наступных конкурсах: “Лінгвістычны спрынт”, “Паліглоты”, “Адгадай мелодыю”, “Разгадай метаграмы”, “Заблытунчык” і іншыя. Вучні адгадвалі выканаўцаў беларускіх песен, сапастаўлялі замежныя прыказкі з беларускімі, пазнавалі творы іх аўтараў па ўрыўкам, “разблытвалі” словы ў вершах.
У выніку лепшай стала каманда “Васількі”. Дыпломам другой ступені ўзнагароджана каманда “Нашчадкі”, а трэцяй — “Чыстасардэчнае няведанне”.
Усе каманды атрымалі прызы ад райкама ГА “БРСМ”.
Сапраўды, родная мова — гэта адначасова i культура, i спадчына народа. Роднае слова — гэта першая крынiца, праз якую мы пазнаём жыццё i навакольны свет. Галоўнае, каб кожны з нас, беларусаў, усвядомiў, што мова — гэта сапраўды наша багацце. Ведаць i захоўваць яе — наш абавязак.