“Паехала Каляда з канца ў канец! На Каляды — калядуйце! Піць і есці не шкадуйце!” Менавіта такімі словамі распачалося свята на плошчы Вялікага Кастрычніка ў Клімавічах. Вядучыя Калядак запрасілі жыхароў і гасцей райцэнтра да ўдзелу ў тэатралізаваным прадстаўленні.
З даўніх часоў Калядкі сімвалізавалі для нашых продкаў пачатак новага года. Самабытныя народныя традыцыі шануюць і берагуць у розных кутках Сінявокай. Пачынаюцца святы ўвечары перад Раством Хрыстовым, а заканчваюцца на Вадохрышча. Асноўныя вобразы, якія выкарыстоўваюць калядоўшчыкі, — Каза, Мядзведзь, Дзед, Зорка. Калядоўшчыкі ідуць па дварах з песнямі, танцамі і добрымі пажаданнямі.
У першы дзень Раства было прынята наведваць сваіх хрэснікаў і даваць ім падарункі. 7 студзеня ўвечары моладзь збіралася ў вялікія гурты. Хлопцы і дзяўчаты пераапраналіся ў цыганаў, мядзведзяў. Пелі песні, танцавалі, услаўлялі гаспадароў тых дамоў, якія наведвалі. За гэта ім прапаноўвалі пачаставацца рознымі прысмакамі, давалі невялікія грошы. Зачыніць дзверы перад калядоўшчыкамі баяліся, бо гэта магло наклікаць бяду на гаспадарку.
У нашым жа спектаклі галоўныя дзеючыя асобы Пракоп і Ганна разам з дзецьмі разважаюць пра тое, як трэба святкаваць Раство, якія традыцыі існавалі на Каляды.
Увогуле прадстаўленне склалася з трох частак. За тым, як разгортваюцца падзеі, з вялікай увагай назіралі як дарослыя, так і дзеці.
Хочацца, каб тыя пажаданні шчасця ў кожную хату, кахання, багацця, здароўя, якія гучалі з вуснаў артыстаў, абавязкова знайшлі сваё месца ў сям’і кожнага клімаўчаніна.
Для жыхароў і гасцей райцэнтра супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў прапанавалі набыць розныя сувеніры. У раённым цэнтры культуры для малых клімаўчан правялі розныя конкурсы і гульні.
Святкавалі Раство і жыхары вёсак. Клубныя ўстановы раёна прапанавалі гасцям забаўляльныя праграмы.