У Звянчатцы берагуць народныя традыцыі і перадаюць абрады з пакалення ў пакаленне.
Вясновае свята Саракі адзначаецца 22 сакавіка. Работнікі Звянчацкага сельскага клуба і бібліятэкі праводзілі фальклорнае свята “Гуканне вясны”. У ім прынялі ўдзел навучэнцы малодшых класаў Звянчацкай сярэдняй школы.
Бібліятэкар Алена Папкова пазнаёміла дзяцей з гісторыяй узнікнення свята, распавяла пра традыцыі і прыкметы.
Загадчыца сельскага клуба Ірына Лукашэнка ўзгадала выдатную традыцыю — абмен лялек-вяснянак — і правяла майстар-клас па іх вырабе, навучыла дзяцей спяваць вясновыя заклічкі.
Дзеці прынялі ўдзел у народных гульнях “Каромысел”, “Птушка ў гняздзе” і “Гусі ляцелі”.
Дапамагалі ў правядзенні свята ўдзельнікі клубных фарміраванняў Алена Лукашова і Святлана Быкава.
Свята завяршылася чаяваннем з выпечанымі “жаўрукамі”.