
Фальклор – творчасць народа, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, адыгрывае важную ролю ў духоўным развіцці, у фарміраванні эстэтычна-мастацкіх густаў, ідэалаў і светапогляду. Таму вельмі важна, каб маладое пакаленне ведала культуру сваіх продкаў і свайго народа.
Традыцыйна на базе трэцяй гарадской сярэдняй школы прайшоў раённы фальклорны конкурс “Клімавіцкі карагод”. Падрыхтавалі і правялі яго спецыялісты Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У мерапрыемстве прымалі ўдзел 7 устаноў адукацыі горада і раёна.
Юным краязнаўцам трэба было прадставіць на суд журы беларускі народны абрад той мясцовасці, у якой яны жывуць, фальклорную песню, народную гульню, а таксама беларускі народны касцюм, знойдзены або запісаны ў час краязнаўчых экспедыцый, турыстычных паходаў, сустрэч са старажыламі. Трэба адзначыць, што ўсе ўдзельнікі сур’езна і творча падышлі да падрыхтоўкі сваіх выступленняў. На працягу ўсяго мерапрыемства ў зале панавала цудоўная атмасфера беларускай народнай культуры.
Конкурс праходзіў па чатырох намінацыях. Так, у намінацыі “Беларуская аўтэнтычная фальклорная песня” лепшай прызнана песня навучэнцаў трэцяй гарадской школы “Звіняць звонікі” (апрацоўка фалькларыста Генадзя Цітовіча), якую яны запісалі са слоў Ларысы Лаўрыненкі. Другое месца было прысуджана хлопчыкам і дзяўчынкам з Ціманаўскай сярэдняй школы за іх выкананне песні “Кругом яра”, трэцяе месца — навучэнцам Раднянскай школы з іх песняй “Ой ты, ігруша мая кучаравая…”. За паказ і абарону народнага касцюма раднянскія хлапчукі і дзяўчынкі атрымалі першае месца, другое месца — у навучэнцаў раённай дзяржаўнай гімназіі, трэцяе — у выхаванцаў Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Лепшай народнай гульнёй на фальклорным свяце была прызнана гульня “Міхасік”, якую паказалі навучэнцы Ціманаўскай школы, на другім месцы — гульня “Мышка”, якую выканалі рабяты з першай гарадской школы, на трэцім месцы — гульня “Лапці абувай, ідзі жыта дажынай!” у выкананні прадстаўнікоў Палошкаўскай школы.
Ацэньваючы народны абрад, журы ўлічвала не толькі якасць выступлення ўдзельнікаў, але і самабытную форму падачы матэрыялу, аўтэнтычнасць, пазнавальнасць, відовішчнасць і мастацкае афармленне. Першае месца ў гэтай намінацыі журы прысудзіла навучэнцам Раднянскай школы за іх абрад памінання продкаў “Змітраўскія Дзяды. Асяніны”. Клімавіцкая раённая гімназія атрымала другое месца, а Ціманаўская школа — трэцяе.
Па выніках усіх этапаў конкурсу пераможцамі “Клімавіцкага карагода” сталі ўдзельнікі Раднянскай сярэдняй школы. На другім месцы — прадстаўнікі Ціманаўскай сярэдняй школы, на трэцім — хлапчукі і дзяўчынкі з трэцяй гарадской школы.
Мерапрыемства чарговы раз паказала, што Клімаўшчына мае багатую гістарычную самабытную культуру і вялікую духоўную спадчыну. Да нашай радасці дзеці і падлеткі не губляюць цікавасці да народных традыцый.