У першай гарадской школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Песняры зямлі беларускай”, прысвечаны да 140-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа.
Як заўважыла настаўнік беларускай мовы і літаратуры Ірына Салабута, праводзіліся розныя мерапремствы, якія дазволілі вучням больш даведацца пра багатую гісторыю беларускага народа. У школьнай бібліятэцы арганізавалі кніжную выставу “У тон адзін з зямлёю я пяю“. Падчас мерапрыемстваў вучні змаглі прадэманстраваць не толькі свае інтэлектуальныя, але і лідарскія, творчыя здольнасці.
Вучні прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў “Па старонках купалаўскіх твораў”. Праводзіўся літаратурны турнір па жыцці і творчасці Я. Купалы і Я. Коласа “Сёння з народам шчаслівым я святкую свята ўрачыста”. Знакавым мерапрыемствам стаў брэйн-рынг “Таямніцы роднай мовы”. Вучнямі 10-11 класаў была падрыхтавана прэзентацыя па творчасці паэтаў-юбіляраў.
А з якім задавальненнем дзеці прымалі ўдзел у акцыі “Дызайн па-беларуску”! Дзякуючы намаганням вучняў і іх бацькоў, была сабрана і аформлена выстава вышываных вырабаў нашых бабуль і прабабуль. Гэта абрусы, ручнікі, сурвэткі, падузорнікі і нават карціны. Вочы разбягаліся, сэрца радавалася, гледзячы на такія арыгінальныя шэдэўры.
Не меншую цікавасць у вучняў выклікалі конкурс сэлфі “Я люблю беларускую мову” і квілт-акцыя “Маё любімае беларускае слова”.
Па выніках тыдня самыя актыўныя ўдзельнікі былі адзначаны граматамі.