21 лютага штогод адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Заснаваны ён у 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Мы — беларусы і павінны ведаць і паважаць сваю мову.
У гэты дзень, 21 лютага, у Клімавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшло вельмі цікавае мерапрыемства — турнір знаўцаў беларускай мовы. У ім прынялі ўдзел пяць каманд: з раённай гімназіі, трох гарадскіх сярэдніх школ і Ціманаўскай сярэдняй школы.
Вядучая — метадыст бібліятэкі Наталля Красналуцкая — раздавала ўдзельнікам заданні, задавала пытанні. Тэматыка заданняў — разнастайная: на веданне прыказак і літаратурных твораў, знакамітых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў; былі пытанні на логіку, на веданне беларускіх слоў і іншыя. І трэба зазначыць, што хлопцы і дзяўчаты адказвалі добра.
Не бывае конкурса без пераможцаў. Журы ў складзе дырэктара Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Таццяны Даменікан, першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Алесі Котавай і журналіста рэдакцыі раённай газеты “Родная ніва” Галіны Цыганковай пераможцай вызначыла каманду Ціманаўскай сярэдняй школы, якая і атрымала галоўны прыз. Астатнім камандам былі ўручаны дыпломы ўдзельніка і салодкія прызы.
Галіна Віктарава.