Ноч халодная, з ветрам, стаяла,
І ўсё больш узмацняўся мароз.
Раптам яркая зорка заззяла,
Бо ў той міг нарадзіўся Хрыстос.
Нарадзіўся не ў пышным палацы,
А ў пячоры, у простых яслях.
Гэтак мусіў Гасподзь пачынаці
Свой зямны і нябесны свой шлях.
Пакланілісь Яму не вяльможы —
Пакланілісь валхвы, пастухі.
Адчувалі, напэўна, што зможа
Дараваць Ён людскія грахі.
Да Яго мы ідзём ў час трывогі,
Успамінаем у радасны час.
Трэба ў сэрцы сваім несці Бога,
Бо Ён помніць заўсёды пра нас.
Дзень народзін Збавіцеля — свята,
Што прыходзіць у кожную хату.
І цудоўнаму святу рады мы.
З нараджэннем Хрыстовым!
З Калядамі!
Галіна ЦЫГАНКОВА.