«Берагчы мову — берагчы спадчыну». У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча аматараў літаратуры з клімавіцкімі паэтамі

Гэтым разам у бібліятэку завіталі член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікола Мінчанка, Уладзімір Босаў, Ганна Жылінская, юная зорачка Насця Напрэенка і Галіна Цыганкова (аўтар дадзеных радкоў).
Не буду ўтойваць задавальнення: для мяне гэты дзень, гэтая сустрэча і мерапрыемства былі двойчы прыемнымі: дзякуючы супрацоўнікам бібліятэкі пабачыў свет чарговы мой зборнік вершаў “Гарэзлівы кірмаш”. Назва, думаю, красамоўная: у кніжцы надрукаваны жартоўныя вершы. І што яшчэ важна — ілюстрацыямі да іх з’яўляюцца здымкі (дакладней, наадварот: менавіта здымкі з’явіліся падставай для вершаў). Рассакрэчваю. Многім чытачам “Роднай нівы” палюбілася рубрыка “Субацея”. Ну дык вось: зборнік — і ёсць “Субацея”, толькі сабраная ў адну кніжку: тыя ж вершы і тыя ж здымкі. І я хачу падзякваць усім, хто даверыў мне свае цікавыя сюжэтныя фотаздымкі.
Пакуль усе зборнікі Галіны Цыганковай можна ўбачыць у цэнтральнай бібліятэцы, але хутка яны з’явяцца і ў іншых бібліятэках раёна. А супрацоўнікам раённай бібліятэкі шчыры дзякуй — і ад мяне асабіста за зборнікі, і за ўсю іх творчую дзейнасць. Клімавіцкія літаратары і знакамітасці, краязнаўства — напрамкаў шмат. І ўся праца — дзеля сучаснікаў і нашчадкаў.
Зноў жа — традыцыя: адкрылі мерапрыемства навучэнцы Клімавіцкай дзіцячай школы мастацтваў. У іх выкананні прагучалі беларуская музыка і песні — кожны спявак і музыка зрываў апладысменты залы.
Вядучая Ларыса Мамрыкава па-майстэрску кіравала працэсам. З цікавасцю ўсе слухалі выступленні паэтаў.
Мікола Мінчанка. Самы за-служаны і знакаміты. Мэтр. Ён нарадзіўся ў вёсцы Кавалёўка. А пасля заканчэння дзесяцігодкі рушыў ажно ў Крым: за-прасіў да сябе ягоны брат, які асеў ва Ўкраіне. Потым была армія і вучоба ў Жытомірскім педагагічным інстытуце.
Вершы Мікола Мінчанка пачаў пісаць яшчэ ў малодшых класах, а ў студэнцкія гады ўжо склаўся як паэт. Цікавы факт: менавіта інстытут падштурхнуў яго да беларускай мовы. Расказаў нам Мікалай Нічыпаравіч такую гісторыю: “Усе прадметы ва ўстанове выкладаліся на ўкраінскай мове, студэнты таксама размаўлялі між сабой па-украінску. Ну і я, натуральна, — таксама. І вось аднаго разу аднакурснікі мне кажуць: “Ты ж беларус — пагавары з намі па-беларуску”. Беларускую мову я ведаў добра (вучыўся ж у беларускамоўнай школе), таму цяжкасцяў не ўзнікла. Але з гэтага выпадку я зрабіў выснову: не цурайся сваёй мовы! Калі ты беларус — ганарыся і ведай беларускую мову!”
— Я люблю, ведаю і паважаю рускую мову, але ж беларуская мне бліжэй, — падвёў вынік Мікола Мінчанка.
Уладзімір Босаў таксама скончыў у свой час беларускамоўную школу. І закладзеныя яшчэ ў школьныя гады веды і любоў да беларускай мовы пранёс праз жыццё. А вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады. Адзін з іх адважыўся і даслаў у газету “Піянер Беларусі”. І колькі ж радасці было ў хлопца, калі ягоны верш надрукавалі!
Працягваў пісаць вершы і ў інстытуце (асабліва палкія — сваёй дзяўчыне, якая потым стала жонкай). Але пісаў па-руску.
Потым закруціла працоўнае жыццё. Працаваў галоўным ветурачом у сельгасгаспадарцы, кіраўніком гаспадаркі, на іншых адказных пасадах — столькі было турбот, што вершы з’яўляліся не часта. Але не зніклі назусім. Яны вярнуліся і пачалі з’яўляцца ўсё часцей і часцей, асабліва калі перайшоў на працу ў наш аграрны каледж (нагадаю, што Уладзімір Мікалаевіч шмат гадоў быў загадчыкам аддзялення ветэрынарнай медыцыны). Прыйшла і беларуская мова. Зараз Уладзімір Босаў аднолькава цудоўна піша свае творы на абедзвюх мовах. Але ж да мерапрыемства падрыхтаваў нізку беларускіх. І прачытаць давялося ўсе, бо слухачы раз за разам прасілі: “Яшчэ! Яшчэ!”.
Ганна Жылінская хоць і маладая жанчына, але ўжо сталая паэтка. У яе ў пашане таксама абедзве дзяржаўныя мовы. Як кажа сама, піша на той, на якой дадзены канкрэтны момант прыйдзе натхненне. Яна расказала выпадак, што ў студэнцкія гады яе паэтычны дар аднойчы дапамог ёй на экзамене.
— Выцягнула білет і аж сцялася: разумею, што — ні бум-бум! — з усмешкай апавядала паэтка. — Сяджу за сталом, з сумам уздыхаю і … пішу на аркушы верш.
Падышоў час — іду да выкладчыка, працягваю білет. “Ну, адказвайце”, — кажа экзамінатар. “Не ведаю нічога”, — шчыра прызнаюся. “А дайце-ка сюды свой аркуш — вы ж нешта пісалі!” — працягнуў руку ў мой бой выкладчык.
Падала. Той прачытаў. Усміхнуўся. З хітрынкай паглядзеў у мой бок: “Давайце залікоўку — пастаўлю станоўчую адзнаку”.
Вось, і такое бывае.
Самая малодшая — Насця Напрэенка. Яна вучыцца ў чацвёртай гарадской школе. Але і ў яе ўжо паэтычны стаж складае некалькі гадоў. Вершы добрыя, мілагучныя. Дзяўчынка мае шырокі кругагляд. Пераважае руская мова, але ёсць удалыя спробы і на беларускай.
Вершы Насці нярэдка друкуюцца ў “Роднай ніве”. Дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў розных творчых конкурсах — у раённых, абласных, рэспубліканскіх. На яе рахунку ўжо не адна перамога. Канечне ж, падрыхтавала юная паэтка творы і для гэтай сустрэчы. Калі чытала — усе слухалі з цікаўнасцю, а потым падаравалі аўтару дружныя апладысменты.
Як зазначыў міністр замежных спраў Беларусі, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Макей, “Наша мова шчыра характэрызуе нас як сталую нацыю са сваім светапоглядам і менталітэтам, адлюстроўвае вопыт, каштоўнасці, традыцыі беларускага народа. Яна з’яўляецца важнай прыкметай этнічай самасвядомасці беларусаў і важкім фундаментам дзяржаўнасці. Разумеючы невымерную каштоўнасць беларускай мовы, мы сёння працуем над забеспячэннем пераемнасці і бесперапыннай яе перадачай з пакалення ў пакаленне, і з павагай адносімся да ўсіх іншых моў”.
“Берагчы мову — берагчы спадчыну” — такое выказванне прагучала падчас мера-прыемства. Мова, Бацькаў-шчына, народныя традыцыі — гэта тое, што мы атрымалі ў спадчыну. І павінны да іх адносіцца з ашчадай, і абавязаны берагчы.

Галіна Цыганкова.