Традыцыі, рамёствы, майстры

17659Вышыванкі гладдзю і крыжыкам; рушнікі і падзоры; фартухі і кашулі; даматканыя пакрывалы; гліняныя збаны і гаршкі; драўляныя кадушкі і шайкі — усё гэта мелі нашы продкі (і зусім не такія ўжо далёкія) у звычайным побыце. Сучаснае ж маладое пакаленне ведае гэтыя рэчы больш за ўсё па літаратуры, тэлеперадачах, ці як музейныя экспанаты.                                                                              У гарадской бібліятэцы №1 адбыўся турнір знаўцаў “Забытая даўніна: традыцыі, рамёствы, майстры”. Назва ўжо гаворыць сама за сябе — у якім кірунку ішла размова на мерапрыемстве. Так, знаўцам трэба было паспаборнічаць у веданні народных традыцый і рамёстваў Беларусі.
У эрудыцыі спрачаліся каманды “Вытокі” і “Крыніца” (навучэнцы 10 і 11 класаў сярэдняй школы №4, класныя кіраўнікі Ірына Іванаўна Сцепянкова і Алена Сілівестраўна Івалга). Цікавыя пытанні для іх падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі Алена Севярынава і Крысціна Курносава.
Турнір знаўцаў уключаў восем тураў. Удзельнікам трэба было разгадаць “мову” арнаментаў і ўзораў на рушніках; прадэманстраваць веды па народнай творчасці беларусаў; назваць нацыянальныя рамёствы і промыслы, а таксама вырабы майстроў і г. д.
Трэба сказаць, навучэнцы паказалі даволі добрыя веды. Лёс перамогі вызначыў усяго адзін бал: з мінімальнай перавагай перамагла каманда “Вытокі”.
Балы падлічвала журы ў складзе Ганны Іванаўны Кірпічэнкі, Надзеі Дзмітрыеўны Паўлючэнкі і Людмілы Уладзіміраўны Зайцавай.
Але сам турнір знаўцаў — гэта яшчэ не ўсё. У бібліятэцы была разгорнута цікавая выстава “З крыніц майстэрства”. Яна ўключала літаратуру па розных відах рамёстваў, выяўленчаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, а таксама вышыванкі нашых землякоў. Карпатліва і з любоўю вышывалі свае рэчы Марыя Захараўна Трахаўцова (1928 года нараджэння) і Марыя Іванаўна Дуктава (1918 года нараджэння). Яны ўжо пайшлі з жыцця, а вышыванкі цёткі і маці прынесла Валянціна Фёдараўна Дуктава.
Марыя Іванаўна Чарканава жыве ў Ціманава, ёй 82 гады. Пажылая жанчына не змагла сама прысутнічаць на сустрэчы, але яе вышываныя работы прадэманстравала дачка Надзея Дзмітрыеўна Паўлючэнка.
А вось Валянціна Афанасьеўна Чумакова прадставіла свае вышыванкі сама і цікава пра іх расказала. Гэта актыўны чытач бібліятэкі. Як, дарэчы, і ўсе названыя жанчыны.
Ёсць што прадэманстраваць і Ганне Кірпічэнцы: жанчына добра вышывае і гладдзю, і крыжыкам. Яна маладая мама, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе дзіцяці, а раней і сама працавала ў гэтай жа бібліятэцы.
Яшчэ адна маладая майстрыха, Таццяна Маскалёва, займаецца бісерапляценнем. Цудоўныя рэчы атрымліваюцца ў яе! У гэтым маглі пераканацца ўсе прысутныя.
Мерапрыемства атрымалася змястоўным: гэта і турнір знаўцаў, і выстава, і абмен вопытам, і цікавая бяседа.
Галіна ЦЫГАНКОВА.
Фота
Валерыя АСМАЛОЎСКАГА.