Бабёр і хор

Прыемна, што нашу раённую газету выпісваюць і зацікаўлена чытаюць, пазнаюць рубрыкі, маюць любімыя. Адна з такіх — «Субацея». Ужо не адзін раз чытачы дасылалі і прыносілі нам свае цікавыя фотаздымкі менавіта для гэтай рубрыкі. Вось і зараз у рэдакцыю зайшла клімаўчанка Галіна Ягораўна Мушуруй і прынесла… бульбу, са свайго агароду. Толькі бульбу не звычайную, а са значэннем. Кажа, кожны год яна адкопвае нешта цікавае, а гэтым разам дык знайшла ажно каля трыццаці незвычайных бульбін.
Вось што ў падарунках прыроды ўбачылася аўтару гэтых радкоў.

17266

— Да мяне, мае сябры!
Побач станавіся!
Трэба так нам заспяваць,
Каб ўвесь лес здзівіўся.

Станеш, Зайка, справа ты,
Злева — Качка з Гусем.
Пачынаем: раз, два, тры…
«Жылі у бабусі…»

Стоп, ну што гэта за хор:
Хто ў лес, хто па дровы.
Зайка, першаму табе
Выношу вымову.

Ну, яшчэ разок пачнём:
«Жылі у бабусі…»
Стоп, спынілісь. Качаня,
Што ж ты гэтак хлусіш?!

Ды і ты, Гусак, сіпіш
Так, што ледзве чутна.
Гляньце, як спяваю я —
Гучна ды магутна.

Высілкоўвацца за вас,
Гультаёў, я мушу.
— Кінь, ад песень ад тваіх
Проста вянуць вушы.

Ты равеш, Бабёр, ва ўсю,
Колькі духу маеш.
Ды да «духу» у цябе
Слыху не хапае.

Не саліст, не дырыжор.
Не купайся ў славе.
Лепей сам паслухай хор,
Адпачні на лаве!
Галіна Цыганкова.