15 верасня адзначаецца Дзень бібліятэк. У гэтых установах, як у скарбніцах, захоўваецца зямная гісторыя, мудрасць людская. Бібліятэкі даўно сталі важнымі культурнымі цэнтрамі. Сапраўдныя знаўцы і знатакі кніг ведаюць, як шмат даюць яны чалавеку. Бо кніга — сапраўдны цуд, скарбніца фактаў, ведаў і звестак.
2015 год — асаблівы для калектыва цэнтральнай раённай бібліятэкі: прайшло 95 год, як яна ўпершыню расчыніла свае дзверы для чытачоў. Увесь гэты час яна расла, развівалася, упарта ішла наперад, каб быць галоўным кніжна-інфармацыйным цэнтрам раёна. Раённая бібліятэка была створана на базе грамадскай бібліятэкі. Першапачаткова кніжны фонд яе складаў 3,5 тыс. экзэмпляраў. Шкада, што ў архівах не захаваліся звесткі пра першых бібліятэкараў, хутчэй за ўсё яны працавалі на грамадскіх пачатках.
У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты знішчылі амаль усе ўстановы культуры ў раёне. У 1943 годзе Клімавічы былі вызвалены. Горад быў зруйнаваны. Старажылы памятаюць драўляны будынак былой царквы, які выпадкова захаваўся. Вось у ім і размясціліся адначасова РДК, кінафікацыя, раённая бібліятэка. Яна займала два маленькія пакойчыкі, але напачатку і іх хапала: кніжны фонд не складаў і 2 тысяч экзэмляраў. Бібліятэкарам па сумяшчальнiцтву працаваў Iосiф Клiменцьевiч Маневiч.
З 1945 года загадчыцай бібліятэкі працавала Бася Лазараўна Баранчук. Кніжны фонд збіраўся такім чынам: той, хто ішоў запісвацца ў бібліятэку, нёс туды сваю кнігу.
Потым доўгі час бібліятэку пераводзілі з аднаго памяшкання ў другое. І вось, нарэшце, у 1961 годзе спецыяльна для яе было пабудавана памяшканне з былой царквы. Бібліятэку ўзначальвала Марыя Цiтаўна Старавыбарная — старанны, руплівы работнік.
Бібліятэка з’яўлялася актыўным праваднiком палiтыкi партыi i ўрада. Вялася вялiкая прапагандысцкая работа ў час палiтычных кампаній.
З красавiка 1976 года ў нашым раёне пачалася цэнтралiзацыя бібліятэк. Пераходу да яе папярэднічаў значны перыяд падрыхтоўкі. Былі створаны новыя аддзелы ў цэнтральнай бібліятэцы, якія займаліся камплектаваннем і апрацоўкай літаратуры. Пачаў працаваць метадычны аддзел. Дырэктарам бібліятэкі ў гэты час (1971-1982 гг.) была Рыта Мікітаўна Рыхнова. Гэтага кіраўніка заўсёды адрознівала спалучэнне патрабавальнасці падначаленых побач з уменнем усяліць у іх веру, падтрымаць, дапамагчы.
28 гадоў бібліятэчную сiстэму ўзначальвала дырэктар Антанiна Васiльеўна Сiлiверстава — разумны, таленавіты, энергічны і працавіты кіраўнік, якая душой хварэла за бібліятэчную справу. Дзякуючы яе энтузіязму, працаздольнасці, дзелавым якасцям цэнтральная бібліятэка была ў ліку лепшых у вобласці. За вялікія паказчыкі ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі. Напрыклад, бiблiятэка адна з першых у рэспублiцы арганiзавала Кабiнет навукова-тэхнiчнай iнфармацыi пры райвыканкаме. Тут рэгулярна праводзiлiся Днi iнфармацыi, Днi спецыялiста, адкрытыя прагляды лiтаратуры. Вопыт работы прыязджалi абагульняць нават з Дзяржаўнай бiблiятэкi iмя У.I.Ленiна з Масквы. Ужо тады галоўнымі напрамкамі дзейнасці бібліятэкі былі абраны краязнаўства і духоўнае выхаванне. Антаніна Васільеўна разам з супрацоўнікамі сабрала багаты краязнаўчы матэрыял.
Выдатны юбілей бібліятэкі, безумоўна, звязаны і з імёнамі такіх яе супрацоўнікаў, як Людміла Рыгораўна Сініцкая, Святлана Пракопаўна Уланава, Святлана Іванаўна Грышчанка, Людміла Міхайлаўна Садоўская, Валянціна Леанідаўна Мычко, Паліна Міхайлаўна Дароніна, Ніна Аляксандраўна Гарэлава, Людміла Пятроўна Васькоўская, Людміла Аляксееўна Матвеева, Тамара Іванаўна Емяльянава. Гэта былі вопытныя бібліятэкары з вялікім бібліятэчным стажам, адкрытым сэрцам і шчодрай душой.
Гісторыю бібліятэкі працягвае цяперашні калектыў супрацоўнікаў — таленавіты, творчы, які ўмее чуйна рэагаваць на ўсё новае, перадавое. Бібліятэка стала ўвасабленнем думак, імкненняў, працоўных клопатаў, самаахвярнасці выдатных спецыялістаў. А.В.Драздоўская, Л.І.Мамрыкава, Ю.М.Клімянкова,А.М.Кастэнка, Л.І.Семчанка, В.В.Максімовіч, Л.А.Шведава, М.Я.Шылава, Л.В.Сцяпанава, Т.І.Сініцкая — прафесіяналы сваёй справы. У бібліятэку прыходзяць і маладыя спецыялісты.
Сёння цэнтральная раённая бібліятэка — адзін з самых даступных і наведвальных культурных цэнтраў горада. Кніжны фонд налічвае 48468 экзэмпляраў.Паслугамі бібліятэкі карыстаюцца больш за 3,2 тыс. чытачоў, для якіх працуе абанемент і чытальная зала. Функцыянуе раённы інфармацыйна-ідэалагічны цэнтр, дзе сабрана інфармацыя па вядучых галінах грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця раёна. Таксама бібліятэка выконвае ролю публічнага цэнтра прававой інфармацыі, садзейнічаючы распаўсюджванню прававых ведаў сярод жыхароў горада.
Для больш якаснага абслугоў-вання насельніцтва раёна працуе перасоўная бібліятэка. Бібліобус наведвае прадпрыемствы і арганізацыі горада, а таксама насельніцтва аддаленых і маланаселеных вёсак.
Напрамкі работы ўстановы самыя разнастайныя. Гэта і традыцыйная арганізацыя бібліятэчнага абслугоўвання, рэкламы нашых магчымасцяў, і аказанне разнастайных дадатковых платных паслуг насельніцтву. Але нязменным застаецца адвечны падыход да працы — максімальнае задавальненне патрэб чытачаў.
Актыўна папулярызуецца і захоўваецца нацыянальная спадчына, набыткі сусветнай культуры. Праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы па фарміраванню здаровага ладу жыцця, экалагічнага светапогляду, патрыятызму і грамадзянскай актыўнасці, прававой і этычнай адукацыі, эстэтычным развіцці асобы.
Бібліятэку наведваюць розныя групы насельніцтва, і ўсе яны знаходзяць разуменне, падтрымку і маюць магчымасць выказаць сваю індывідуальнасць. Пры бібліятэцы працуюць аматарскія аб’яднанні, якія збіраюць разам людзей з агульнымі інтарэсамі і захапленнямі. Звыш 15 гадоў радуе клімаўчан літаратурнае аб’яднанне “Незабыўныя сустрэчы”. Удзельнікамі мерапрыемстваў былі многія таленавітыя людзі раёна: паэты і пісьменнікі, майстры народных промыслаў, мастакі і музычныя дзеячы. Паспяхова працуе “Клуб традиционных славянских ценностей” пад кіраўніцтвам святара Свята-Міхайлаўскага храма іерэя Андрэя. Значную ўвагу ўдзяляюць бібліятэкары і такой групе чытачоў, як інваліды і састарэлыя людзі. Пасяджэнні клуба “Прамень міласэрнасці” праходзяць у выглядзе вечароў адпачынку.
Цэнтральнай бібліятэкай распрацавана некалькі паспяховых праектаў: “Таленты ад роднай зямлі”, “Прикоснись к подвигу сердцем…”, “Моладзь і духоўнасць: захаванне духоўных традыцый”. Дзейнічае праграма міласэрнасці “Войдем в мир вместе”.
Літаратурнае краязнаўства стала адным з прыярытэтных напрамкаў у нашай працы. Бібліятэка традыцыйна збірае, захоўвае і папулярызуе творчасць мясцовых аўтараў, актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці раёна. Творчыя сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі прахо-дзяць у форме літаратурных вечарын, музычных, паэтычных імпрэзаў, вандровак па кнігах, вечароў-партрэтаў, літаратурных дэбютаў, прэзентацый новых кніг і г. д.
У розныя гады бібліятэку наведвалі беларускія пісьменнікі Аляксей Пысін, Іван Новікаў, Павел Кавалёў, Юрый Татарынаў, расійскі гісторык Аляксандр Чаромін, аўтар дзіцячых кніг Валерый Квілорыя і іншыя. Зараз мы вядзём перапіску з Іванам Бурсавым, які пражывае ў Маскве. Пісьменнік даслаў нам больш за 30 экзэмпляраў сваіх кніг.
У мінулым годзе бібліятэцы прысвоена імя паэта-земляка Івана Пехцерава.
Сучасны этап развіцця бібліятэкі характарызуецца ўкараненнем новых інфармацыйных тэхналогій, што паклала пачатак аўтаматызацыі асноўных бібліятэчна-біблія-графічных працэсаў. 16 камп’ютараў аб’яднаны ў лакальную сетку, ёсць выхад у інтэрнэт і электронная пошта. Працягваем фарміраваць уласныя электронныя рэсурсы: каталог кніг і краязнаўчы каталог, рэсурс “Літаратурныя таленты Клімаўшчыны”. У 2012 годзе створаны ўласны WEB-сайт бібліятэкі.
Камп’ютарная тэхніка дазваляе хутка і якасна выконваць запыты, выдаваць інфармацыйныя і бібліяграфічныя дапаможнікі, буклеты, зборнікі вершаў і г. д.
Супрацоўнікі бібліятэкі заўсёды імкнуцца крочыць у нагу з часам. Мы паспяхова ўдзельнічаем у абласным конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.
За сваю гісторыю наша ўстанова перажывала розныя перыяды. Але яна заўсёды заставалася вернай сваім чытачам, свайму прызванню, служэнню кнізе і ведам.
Паважаныя калегі! Прыміце словы шчырай падзякі за талент, веды, творчасць, падзвіжніцкую працу і самыя цёплыя пажаданні здароўя, шчасця, плённай працы, удзячных чытачоў і поспехаў ва ўсіх вашых пачынаннях!
Таццяна ДАМЕНІКАН,
дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі.
Домой Актуально