На тэрыторыі Магілёўскай вобласці маецца 11 аб’ектаў, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Клімавіцкі раён таксама можа ўвайсці ў гісторыю. Так, у нашым рэгіёне рыхтуюцца матэрыялы пра абрад заклікання дажджу, які адрадзілі ў 2010 годзе жыхары вёскі Стары Дзедзін. Носьбітам абраду з’яўляецца Галіна Брыкава. А сама яна пра такі звычай даведалася ад Зінаіды Асіпенкі, якая нарадзілася ў вёсцы Роськаў ў 1930 годзе.
Як высвятляецца, у час засушлівага лета жанчыны, ідучы з працы, дамаўляліся пераараць раку. І трэба было, каб пра іх задумы ніхто не даведаўся. Узяўшы з сабой саху і пугу, змоўшчыцы збіраліся каля ракі і чыталі малітву «Ойча наш», хрысціліся і казалі: «Дай, Госпадзі, дапамажы, Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, арашы зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб дабрадатным урадзіла і ўсіх накарміла…». Пасля здымалі з сябе ўсю вопратку, заходзілі ў ваду і цягнулі па дне ракі плуг — «аралі ваду». Прычым, дзве жанчыны цягнулі плуг, адна ішла за плугам, а яшчэ адна пугай паганяла, а астатнія ж спявалі абрадавую песню. Рухаліся жанкі ўпоперак ракі.
Стары Дзедзін наведала дэлегацыя этнографаў, каб падрабязна зафіксаваць гэты абрад. Навукоўцы завіталі да старадзедзінскіх носьбітаў фальклора Таццяны Скоцкай, Галіны Брыкавай і Зінаіды Асіпенкі. Жанчыны падрабязна расказалі пра тое, што даведаліся яшчэ ў дзяцінстве ад сваіх матуль і бабуль.
— У гэтага абраду ёсць шанец папоўніць Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, — кажа вядучы метадыст Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алена Цішкевіч, — бо ён цікавы і досыць старадаўні.
Вядучы спецыяліст па фальклору Клімавіцкага цэнтра культуры Галіна Суялка не сумняваецца, што дзякуючы гэтаму аўтэнтычнаму абраду наш край будуць ведаць не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
— Вядома, гэта прыцягне турыстаў на нашу гасцінную Клімаўшчыну, — кажа Галіна Рыгораўна.
Напрыканцы жанчыны праспявалі некалькі цудоўных песень.
Дар’я Эверс.
Домой Общество