Хто з нас у дзяцінстве не марыў, не гуляў у ралявыя гульні, уяўляючы сябе ў якой-небудзь прафесіі? Але не кожны здолеў здзейсніць сваю мару. Марына Новікава — змагла.
Нарадзілася Марына ў горадзе Магілёве. Калі ёй быў адзін гадок, яе бацькі пера-ехалі жыць у Клімавічы. Тут і вучылася ў СШ № 3. Вучыцца ёй падабалася, Марына была стараннай дзяўчынкай. Паралельна хадзіла ў мастацкую школу (заняткі ў ёй потым вельмі дапамаглі ў прафесіі). А яшчэ яна любіла ў «школу» гуляць: сама была настаўніцай, а вучаніцай звычайна — малодшая сястра Ганна. І так атрымалася, што дзіцячая гульня перайшла ў прафесію: Марына паступіла ў Горацкі педагагічны каледж на спецыяльнасць «настаўнік пачатковых класаў і беларускай мовы».
З галавой акунулася ў студэнцкае жыццё. Вучылася з задавальненнем, хоць, як сама прызнаецца, часам веды даваліся цяжкавата. Але да заняткаў яна заўсёды была падрыхтаваная, ды яшчэ і аднагрупнікам паспявала дапамагаць.
Наступнай прыступкай на шляху да прафесіі педагога стаў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова — Марына паступіла на дзённае аддзяленне, удасканальвала веды па спецыяльнасці «настаўнік пачатковых класаў». Нарэшце, і гэты этап быў паспяхова пройдзены.
Вось ужо 8 гадоў Марына Міхайлаўна Новікава працуе педагогам. Пачынала настаўнічаць у Галіцкай сярэдняй школе, а ў цяперашні час выкладае ў Макеевіцкай базавай — трэці год.
Заўсёды шукае падыход да дзяцей, адносіцца да іх з цяплом. Стараецца індывідуальна працаваць з кожным навучэнцам. Часта выкарыстоўвае методыку «праблемнага навучання»: дзецям задаецца пытанне, і яны самастойна або з педагогам спрабуюць на яго адказаць. Абавязкова падтрымлівае сувязь з бацькамі сваіх выхаванцаў. Бацькі і самі тэлефануюць Марыне Міхайлаўне, каб даведацца пра поспехі дзяцей, параіцца па пытаннях выхавання альбо хатняга задання.
У вольны ад працы час (якога, прызнаецца, і няшмат) Марына Новікава любіць займацца вышыўкай і маляваць — вось дзе спатрэбіліся веды і навыкі, атрыманыя ў мастацкай школе! Вядома ж, яшчэ паспявае падрыхтавацца да новага навучальнага дня. Шукае цікавыя матэрыялы, прадумвае падыходы да заняткаў.
Заўсёды і ва ўсім яе падтрымлівае мама, Святлана Уладзіміраўна. І хоць Марына ўжо сама упэўнена стаіць на нагах, маці ўсё роўна з’яўляецца апорай у жыцці, кажа ўдзячная дачка.
Людміла Рыськова.
Домой Официально