Наш зямляк, Трафім Ануфрыевіч Кажамякін, загінуў, выконваючы чарговы баявы вылет.
Працуючы з матэрыяламі ў архіве музея, знайшоў анкету аднаго нашага земляка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Трафіма Ануфрыевіча Кажамякіна. Ліст з анкетаю даслала яшчэ ў 1992 годзе жыхарка Вілейскага раёна Мінскай вобласці Надзея Адамаўна Кажамякіна.
Трафім Ануфрыевіч Кажамякін — беларус, нарадзіўся ў маі 1915 года ў в. Высокае Красавіцкага сельскага Савета Клімавіцкага раёна, у сям’і быў дзявятым дзіцём. Вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі на факультэце геадэзіі і землеўпарадкавання, група была ваенізаваная. Пасля заканчэння ўстановы працаваў у г. Чавусы ў райвыканкаме землеўпарадчыкам. Апошні час перад самай вайною працаваў ў Заходняй Беларусі на планіроўцы аэрадромаў.
У час вайны быў стралком-бамбардзірам 658 авіяцыйнага палка начных бамбардзіроўшчыкаў. Загінуў у ноч з 10 на 11 лістапада 1942 года. Гэта адбылося паблізу в. Шыбінец (аэрадром) каля г. Ціхвін Ленінградскай вобласці. Чарговы вылет на баявое заданне, самалетам кіруе пілот Пётр Спірыдонавіч Дзядзюлін, стралок — Трафім Ануфрыевіч Кажамякін. Пры ўзлёце ад самалёта адарваўся прапелер, машына ўпала на лес. Здэтаніравалі загружаныя бомбы і адбыўся выбух (гэтая інфармацыя — з успамінаў памочніка начальніка штаба 658 авіяпалка лейтэнанта Лабанава).
Лётчыкі былі ганарова пахаваны на мяжы аэрадрома каля в. Шыбінец, а ў 1960-я гады — перазахаваныя ў брацкай магіле ў населеным пункце Нова-Андрэева.
Захаваліся таксама ўспаміны пра М.А.Кажамякіна яго аднапалчаніна: “У полк прыбыў 20 жніўня (1942 года — аўт.). За гэты кароткі час, да даты смерці — 11 лістапада — здзейсніў 37 паспяховых начных баявых вылетаў. Быў адукаваным, адважным стралком, які ўмеў на выдатна арыентавацца ва ўмовах ночы і весці трапны агонь па ворагу і такім чынам цалкам выконваць пастаўленую перад ім баявую задачу”.
Мінула шмат часу з той страшнай вайны, але яшчэ багата застаецца белых плямаў і невядомых герояў. Спадзяёмся, што імёны і подзвігі нашых абаронцаў будуць даследаваныя і стануць вядомымі нашчадкам.
Аляксандр Галкоўскі,
малодшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея.
Домой Официально