Прыгожыя мясціны Міласлаўшчыны. І добрыя людзі тут жывуць спакон вякоў. Ці не таму ціманаўская дзяўчына, маладая настаўніца, у свой час выйшла замуж за мясцовага хлопца і засталася жыць і працаваць у гэтай вёсцы, якая зараз стала аграгарадком.
Зараз Надзея Васільеўна Габрусева мае ўжо дваццацішасцігадовы педагагічны стаж.
Ціманаўскую сярэднюю школу яна скончыла ў 1984 годзе. Адразу ж паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут. У 1988 па размеркаванню была накіравана настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Мілаславіцкую сярэднюю школу. Усё: іншага месца для працы не шукала. Так, на адным месцы, і працуе больш за чвэрць веку.
Вёска — не горад. Тут ва ўсіх на віду, а настаўнік павінен быць прыкладам для дзяцей і для бацькоў не толькі ў школе, але і ў паўсядзённым жыцці. Таксама, як і ўсе, з мужам Сяргеем Віктаравічам трымалі гаспадарку. Як лічыць Надзея Васільеўна, з мужам ёй пашанцавала: працавіты, гаспадарлівы; спагадлівы, клапатлівы; кемлівы і разумны. “У мяне надзейны тыл”, — вось такі я атрымала адказ на пытанне “ці лёгка быць настаўнікам у вёсцы?”. Звычайна — згадзіцеся — так мужы кажуць пра жонак.
Ды і Сяргей Віктаравіч на ўздзячнасць не скупіцца, кажа, што з Надзеяй спраўдзіліся яго надзеі на сямейнае жыццё, з такой жонкай лёгка і ўтульна.
У добрых бацькоў добрыя і дзеці. Сын Арцём з залатым медалём скончыў школу, а пасля паспяхова адужаў і ўніверсітэт. Зараз працуе ў Мінску менеджарам у прэстыжнай фірме.
Ідзеш ты на працу з радасцю або перасоўваеш ногі па прынцыпу “трэба!”, у многім залежыць ад калектыву. І тут Надзея Васільеўна яшчэ раз кажа: “Пашанцавала!”. Пашанцавала тады: прынялі цёпла, падтрымалі, дапамаглі асвоіцца; добры калектыў і цяпер: шчырыя, адкрытыя адносіны, узаемадапамога.
З настаўнікаў бяруць прыклад дзеці. Нярэдка педагогі становяцца лёсавызначальнымі для вучняў. Сваю прафесію, як гаворыць жанчына, яна выбрала дзякуючы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ціманаўскай школы Людміле Юр’еўне Будагоўскай. Тая здолела ўлюбіць дзяўчыну і ў настаўніцкую прафесію, і ў родную мову. І хоць, па словах самой Надзеі Васільеўны, яна ніколі не ставіла мэтай агітаваць выхаванцаў за педагагічную сцежку, але ж з задавальненнем дапамагае маладому спецыялісту Алене Міхайлаўне Васіленка, якая пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова вярнулася ў родную школу менавіта настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.
З 2010 года Н.В.Габрусева прызначана намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце. Адказваць даводзіцца не толькі за сябе, але і за іншых. Працаваць на дадзенай пасадзе ў яе атрымліваецца добра, лічыць дырэктар школы Святлана Міхайлаўна Панасенка. Добра ладзіць з калектывам педагогаў, умее карэктна разруліць складанасці, настойлівая ў дасягненні пастаўленай мэты. На Надзею Васільеўну можна цалкам пакласціся, даверыцца яе прафесійнасці.
Хутка ў чарговы раз прагучыць званок. Прыйдуць у школу вучні і настаўнікі. Адны — вучыцца, другія — вучыць. Вучыць прамудрасцям навукі і мудрасці жыцця.
А.М.Васіленка, Н.В.Габрусева.
Галіна Цыганкова.
Домой Официально