Чарговы конкурс на выяўленне творчых здольнасцей у працаўнікоў клімавіцкага краю “Клімаўшчына мае талент” прайшоў 3 снежня ў раённым цэнтры культуры. На працягу 3 гадзін кампетэнтнае журы на чале з намеснікам старшыні Клімавіцкага райвыканкама Кацярынай Музычэнка вырашала няпростую задачу: вызначыць найлепшых выканаўцаў у трох намінацыях — “Мастацкае чытанне”, “Харэаграфічнае мастацтва” і “Вакальнае мастацтва”.
16 працоўных калектываў (каля сотні ўдзельнікаў) прапанавалі гледачам свае нумары мастацкай самадзейнасці. Напрыклад, РУП “Клімавіцкі ЛГЗ” падрыхтавала аж 8 нумароў — з песнямі, танцамі, цікавымі інсцэніроўкамі. Захапляльнымі былі выступленні прадстаўнікоў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Арыгінальна і прафесійна выканаў некалькі нумароў супрацоўнік раённага аддзела па надзвычайным сітуацыям Раман Пяськоўскі. Наогул, у кожным выступленні адчуваліся шчырасць і павага да журы.
Спадабалася, што кожны выканаўца меў моцную групу падтрымкі, якая актыўна дапамагала самадзейным артыстам перамагчы хваляванне.
І вось ён, момант славы! Пераможцам у намінацыі “Вакальнае мастацтва” стаў ансамбль філіяла “Магілёўэнерга” КЭС, другое месца — у аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, трэцяе — у РУП “Клімавіцкі ЛГЗ”.
Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж быў лепшым у намінацыі “Харэаграфічнае мастацтва”, на другім месцы — райспажыўтаварыства.
У намінацыі “Мастацкае чытанне” Дыплом 1 ступені ўручаны Раману Пяськоўскаму (РАНС), Дыплом 2 ступені —дырэктару СШ № 3 г. Клімавічы Уладзіміру Шупранаву, Дыплом 3 ступені — намесніку галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя раённай газеты “Родная ніва” і праграмы радыёвяшчання “Голас Клімаўшчыны” Ігару Кавалёву.
Раённы аддзел па надзвычайным сітуацыям перамог у намінацыі “Вакальна-інструментальнае мастацтва”. Другое месца — у лясгаса.
Былі і яшчэ ўзнагароды. Так, самым неардынарным выканаўцам прызнаны працаўнік РУП “Клімавіцкі ЛГЗ” Сяргей Шалыгін, а самымі яркімі — музычныя ансамблі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, КЭС.
На жаль, не ўсе арганізацыі раёна прынялі ўдзел у сапраўды цікавым і карысным конкурсе. Але гэта не азначае, што талентаў у іх няма. Можа, часу не хапіла? Есць магчымасць дэбютаваць у наступным годзе.
Ігар Пахомаў.
Домой Официально