У цыкле вясенніх свят і абрадаў Саракі — гэта прысвятак, які прыпадае на дні вясенняга раўнадзенства і адзначаецца штогод 22 сакавіка. З гэтага часу дзень становіцца роўным ночы — “На Саракі дзень з ноччу мераюцца”.
Лічыцца, што да тае пары ў родныя мясціны вяртаюцца “40 выраяў” — сорак розных птушак, а першая з іх — жаваранак. Прымаўкі гавораць наступнае: “На Саракі сарока звіла ў гняздо сорак пруцікаў”, “На Саракі прылятае сорак жаваранкаў”, альбо “Жаваранак за сабой сорак птушак прывёў”. Клімаўчане прыкмячалі: за колькі дзён да свята прыляцяць птушкі, столькі дзён яны пасля і пасядзяць.
Вітаючы першых крылатых сяброў, што, як лічылася, вярнуліся з міру продкаў і прынеслі вестку аб сконе зімы, жанчыны выпякалі з цеста сорак “жаваранкаў”. Іх рабілі старанна, кожную ляпілі з дзюбай і з распасцёртымі крыламі. Дзеці ж бегалі да сваякоў і спявалі вясеннюю песню: “Жаваранкі, прыляціце, вясну прыгожую прынясіце!”. За гэта іх частавалі печывам.
У нашым раёне таксама выпякалі яшчэ і сорак шарыкаў — “саракі святыя, калабаны залатыя”, а потым кожны дзень па адным выкідвалі іх за акенца, прыгаворваючы: “Мароз, чырвоны нос, вось табе хлеб і авёс, а зараз уцякай, пакуль цэлы”.
Пачыналі развешваць шпакоўні, запрашаючы ў госці крылатых абаронцаў садоў і агародаў. Па прыкметах, убачыць у гэты дзень чараду птушак — да шчасця і ўдачы ва ўсім.
Вясенняе свята Саракі ў нашым раёне шмат сем’яў сустрэнуць па народных традыцыях. Напрыклад, у сям’і Аляксандра і Юлі Пятровых з вёскі Судзілы кожны год выпякаюць вясенніх птушак. Юля пераняла рэцэпт ад сваёй бабулі, якой ужо васьмідзясяты год (зараз жыве яна ў г.Брэст). Сыну і дачцэ вельмі падабаецца свята Саракі. Яны разам з маці завіхаюцца каля стала, дзе творыцца цуд. А потым усе, разам з бацькам, сядаюць піць гарбату з выпечкай.
Дар’я Эверс.
На здымку: сям’я Пятровых з в. Судзілы.
Домой Официально