Родная мова, матчына мова, пявучая мова, чароўнае слова — так ласкава называюць мову нашы майстры слова. І гэта сапраўды так.
Шосты год у ВПК “Барсукоўскі дзіцячы сад — базавая школа” праводзіцца свята беларускай культуры. Арганізатар яго — творчы педагог Алена Уладзіміраўна Тамашова.
Гэтым разам вучні 6-9 класаў з задавальненнем прынялі ў ім удзел. Кожны клас падрыхтаваў свой нумар. Вядучымі былі Алеся Анціпенка і Мікіта Саўкін.
Парадавалі сваім выступленнем, паказаўшы сцэны са знакамітай “Паўлінкі”, дзевяцікласнікі. Арсэн Палакян, Андрэй Мушкетаў і Мікіта Саўкін добра сыгралі ролі Мульціка, Ганны і Гастрыта з вядомай п’есы Дударава “Вечар”. Захапляюча прайшло выступленне шасцікласніц Таццяны Кісялёвай, Таццяны Улазоўскай, Дар’і Шарыхінай, Аліны Казуцінай. Дзяўчынкі танчылі, спявалі. Запамінальны нумар падрыхтавалі вучні 6-8 класаў. Дзяўчаты выступалі супраць хлопчыкаў у конкурсе на лепшае выкананне беларускай прыпеўкі.
Нікому не хацелася разыходзіцца — ні гледачам, ні самадзейным артыстам. Напрыканцы свята хвалююча загучала песня “Я люблю цябе, Белая Русь” у выкананні Таццяны Кісялёвай.
Дар’я Шарыхіна,
вучаніца 6 класа.
Домой Официально