Заслужыў славу

Заслужыў славу

21 студзеня споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, нашага земляка Івана Новікава…
Нарадзiўся Іван Рыгоравіч у вёсцы Недзведзь, скончыў 1-ю клiмавiцкую сямiгодку і паступiў у Магiлёўскi газетны тэхнiкум. У час працы ў газеце “Камуна” стаў студэнтам Аршанскага настаўнiцкага iнстытута, потым Ленiнградскага iнстытута журналiстыкі.
Вучоба перапынiлася з пачаткам Вялiкай Айчыннай вайны: ваенкамат накiраваў Iвана Рыгоравіча Новiкаваў артвучылi-шча. З лютага 1942 года ён камандаваў узводам упраўлення «кацюш». Баявое хрышчэнне прыняў пад Купянскам. Ваяваў на Паўднёва-Заходнiм, Паўднёвым, Сталiнградскiм, 4-м i 3-м Украiнскiм франтах. Быў паранены. Перамогу сустрэў у Аўстрыi начальнiкам разведкi дывiзiёна. Пасля дэмабiлiзацыі, у 1946 го-дзе, стаў супрацоўнiкам рэдакцыi газеты «Советская Белоруссия», тут ён загадваў сельгасаддзелам. З 1957-га — карэспандэнт, а потым загадчык карпункта «Праўды» па Беларусi.
Пісаць пачаў рана, дэбютаваў вершамi ў раённай газеце ў 1935 годзе. Прафесiйная лiтаратурная праца пачалася з нарысаў. Першым значным творам была дакументальная аповесць «Сэрца iнакш не можа» пра Веру Харужую.
Журналіста, былога франтавіка Івана Новікава глыбока зацікавілі гераічная барацьба, надзвычайныя подзвігі і часам дзіўныя лёсы ўдзельнікаў Мінскага падполля перыяду Вялікай Айчыннай вайны. І ў 1959 годзе ён пачаў працаваць над кнiгай «Руiны страляюць ва ўпор”. Распрацоўка гэтай тэмы знайшла працяг у дакументальных аповесцях «Дарогi скрыжавалiся ў Мiнску», «Да свiтання блiзка», у гiстарычных нарысах «Бяссмерце Мiнска» i «Мiнск — горад-герой». Усе творы сведчаць, што Іван Новікаў быў пісьменнікам-першаадкрывальнікам.
І.Новікаў — лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа, Дзяржаўнай прэміі БССР імя П.М.Лепяшынскага, Дзяржаўнай прэміі БССР, Літаратурнай прэміі імя. А.А.Фадзеева.
Памёр Іван Рыгоравіч Новікаў у 2001 годзе ў Мінску, дзе шмат гадоў пражываў.
Крысціна Старавойтава, метадыст ЦБ.