Самабытнай калекцыяй ручнікоў Лабжанскага школьнага музея, якім кіруе настаўніца гісторыі Ірына Навагродская, зацікавіліся супрацоўнікі гістарычнага музея Амстэрдама. Зараз нашы землякі наладжваюць культурнае супрацоўніцтва з Нідэрландамі, расказваюць ім пра традыцыі беларусаў.
— Нашы экспанаты аб’яднаны ў калекцыі “Парад ручнікоў”. Самы стары з іх датуецца другой паловай 19 стагоддзя, — кажа Ірына Фёдараўна. — З ручніком чалавек нараджаўся, жаніўся, уваходзіў у царства нябеснае. У вышыўцы жанчыны адлюстроўвалі ў асаблівых знаках свае радасць і боль, долю і спадзяванні. Кожны ўзор нешта абазначаў. Апроч дэкаратыўнай функцыі, ён меў і ахоўную. Зараз мы працягваем з вучнямі больш дэталёва вывучаць ручнікі, шукаем новыя, аднаўляем рамяство вышыўкі. Хлопчыкам і дзяўчынкам гэта падабаецца, — знаёміць са сваёй краязнаўчай працай настаўніца.
Дарэчы, за тры гады свайго існавання Лабжанскі музей неаднаразова станавіўся пераможцам раённага, абласнога і рэспубліканскага конкурсаў-аглядаў школьных этнаграфічных музеяў. Яму ж было аддадзена пачэснае права прадстаўляць школьныя музеі навучальных устаноў вобласці ў першым нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”.
Зараз у музеі знаходзіцца каля 1500 унікальных экспанатаў.
Таццяна Малініна.
Домой Официально