Маці-гераіня

Маці-гераіня

Валянціна родам з в. Жадунька. У Будзе — без малога сорак гадоў, з таго часу, як выйшла замуж за тутэйшага хлопца Анатоля Раманоўскага. Жылі, працавалі (ён быў трактарыстам, яна — жывёлаводам), расцілі дзяцей. Шасцярых паднялі на ногі, выхавалі людзьмі чулымі, спагадлівымі.
Працы ў сям’і Раманоўскіх ніхто не цураўся. Хоць мужа ўжо які год няма на гэтым свеце, Валянціна Іванаўна па-ранейшаму трымае каня і пасеку, парсючкоў, трусоў і хатнюю птушку, апрацоўвае прысядзібны ўчастак. У вёсцы ўсе паважаюць гэту добразычлівую, гаваркую жанчыну. Яна — часты госць Высакоўскай бібліятэкі: любіць у вольную хвілінку пачытаць кніжку ці газету, пагартаць цікавы часопіс.
Сёння шматдзетная маці жыве адна. Яе дачушкі, сыночкі, нібы птушкі, павыляталі з роднага гнязда. Праўда, усе звілі ўдалыя ўласныя, што не можа не радаваць. Людміла, Алена, Юлія, Аляксей і Дзмітрый з Мінску, Таццяна з Клімавіч не забываюць пазваніць самаму дарагому на свеце чалавеку. Адведваюць, не кідаюць без дапамогі. Цягнуцца да сваёй клапатлівай бабулечкі ўнукі. Іх у Валянціны Іванаўны таксама больш, чым у аднавяскоўцаў — дзевяць!