Ціманаўскі край: ад мінулага да сучаснага

Ціманаўскі край: ад мінулага да сучаснага

У кожнага чалавека абавязкова ёсць свой непаўторны край, які ў шырокім паняцці “Радзіма” звычайна займае вялікае месца.
Ёсць навука, без якой нельга ніяк абысціся. Гэта — гісторыя. Менавіта яна можа адказаць на шматлікія пытанні: “Дзе, калі і што было? Хто былі нашы продкі? Што адбывалася да таго, як з’явіліся на свет мы з вамі?”
Сёння размова пойдзе пра вёску Ціманава. Кажуць, сваю назву пасяленне атрымала ад ручая Сцімнавы, ля якога яно размяшчалася. А яшчэ па адной легендзе выходзіць, што гэта назва ўтворана ад першай часткі імя Цімафей.
За гады існавання ў гісторыі вёскі былі вясёлыя і самотныя падзеі, гераічныя трыумфы і паражэнні, людскія слёзы і радасць, факты будаўніцтва і разбурэння…
Некалі тут знаходзіўся маёнтак пана Камінскага. Яго гаспадарка мела мясамалочны напрамак: працаваў масласыраварны завод, быў і вінакурны. Сяляне навакольных вёсак ад цямна да цямна гнулі спіны на палетках, фермах і заводах памешчыка. Значная плошча зямлі засявалася бручкай, буракамі і турнэпсам. Нягледзячы на тое, што апрацоўка гэтых культур патрабавала шмат сілы, дзённы заробак складаў ад 8 да 12 капеек. А часцей за ўсё з работнікамі разлічваліся саломай, мякінай.
У той час у вёсцы было аднакласнае народнае вучылішча, царкоўнапрыходская школа. У цэнтры маёнтка красавалася возера, якое выкапалі сяляне. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі пан Камінскі знік з гэтай мясцовасці. Частка двара была спалена, а ў памяшканнях, якія засталіся, размясціліся дзіцячы дом і вайсковая часць (яна знаходзілася там да 1920г.).
Як сведчыць гісторыя, саўгас “Ціманава” арганізаваны ў 1918 годзе. Згодна з пастановай Клімавіцкага павятовага Саўдэпа на плошчы ў 200 дзесяцін была створана культурная народная гаспадарка па племянной справе. Першым дырэктарам з’яўляўся Н.Філімоненка. Ужо тады, у 20-я гады, саўгас ставіўся ў прыклад іншым па вядзенню гаспадаркі. Тут штогод адбываліся сельскагаспадарчыя выставы, ад-значаліся Дні ўраджаю.
У канцы 30-х гадоў гаспадарка лічылася лепшай у раёне. Да таго часу ўжо былі пабудаваны інтэрнат і кватэры для рабочых, сталовая, клуб і г.д. У 1940 г. саўгас удзельнічаў у ВДНГ у Маскве.
Вёска Ціманава расла і прыгажэла. Здавалася б, жыць і жыць… Але надышоў ён, нядобрай памяці год сорак першы. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны гаспадарка была знішчана. Але пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яна хуткімі тэмпамі пачала аднаўляцца. У 1956 г. у склад саўгаса ўвайшлі населеныя пункты Дарагінь, Жадунька, Гірэевічы, Ясная Паляна, Муравец, Мядзвёдаўка, Балешын, Плюшчава, Амелін.
Каля 30 год гаспадаркай кіраваў Андрэй Какашынскі. Гэта быў перыяд стварэння моцнай матэрыяльна-тэхнічнай і вытворчай базы, высокіх дасягненняў. Неаднарозава саўгас выходзіў пераможцам раённых і абласных спаборніцтваў па ўсіх галінах. У 1978 г. яму прысвоілі ганаровае званне «Гаспадарка высокай жывёлагадоўлі». Гэта — вынік карпатлівай працы ўсіх вяскоўцаў і ў першую чаргу тых, якія адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі: ордэнам Леніна — дырэктар гаспадаркі Андрэй Какашынскі, свінаркі Ксенія Шаршнёва і Марыя Бельская; ордэнам Чырвонага Сцяга — даярка Марыя Паўлючэнка, галоўны заатэхнік Паліна Жукоўская, галоўны аграном і механізатар Ніна і Мікалай Марчанкі, ордэнам “Знак Пашаны” — галоўны ветэрынарны ўрач Фёдар Багамолаў і камбайнер Уладзімір Гоманаў, і іншых.
У 1983 г. племзавод «Ціманава» увайшоў у склад Беларускага рэспубліканскага аб’яднання па племянной справе ў жывёлагадоўлі. Некалькі год запар нашы свінаводы займалі першыя месцы на рэспубліканскай выставе “Белагра”.
У цяперашні час агульная зямельная плошча гаспадаркі складае 12559 гектараў. Асноўным напрамкам яе дзейнасці з’яўляецца развіццё жывёлагадоўлі.
Многія вяскоўцы працягваюць слаўныя працоўныя традыцыі. Гэта механізатары Аляксандр Старавойтаў, Ігар Маложын і Аляксандр Міхеенка з сынамі Канстанцінам, Аляксеем і Аляксандрам. Майстрамі сваёй справы з’яўляюцца і механізатары Мікалай Пракапенка, Мікалай Раманаў, Андрэй Кубышка. Шчыруюць на хлебным полі маладзёжныя ўборачныя экіпажы: Юрый Сіняўскі і Аляксандр Міхеенка, Сяргей Ганчароў і Вадзім Сілкін, Міхаіл Ганчароў і Сяргей Дунчанка, Антон і Рыгор Далецкія, Сяргей Шапараў і Дзмітрый Шурпін, Аляксандр і Валерый Мачахіны.
Сумленна працуюць свінаркі Таццяна Асмалоўская і Таццяна Кавалёва, даярка Валянціна Камісарава і даяр Юрый Сапранкоў, цялятніца Вольга Маложына, загадчыца малочна-таварнай фермы Ціманава Любоў Язяпчук і іншыя.
Вёска Ціманава першай у раёне набыла статус аграгарадка. Тут створаны належныя ўмовы, каб людзям добра працавалася і адпачывалася.
Галіна КУРЛУКОВА,
бібліятэкар Ціманаўскай бібліятэкі.