Крокі станаўлення

Па ініцыятыве 14 гаспадарак раёна ў 1959 годзе была створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя (МБА). Яе задачамі на той час з’яўляліся механізацыя і індустрыялізацыя будаўніцтва, эканомнае расходванне сродкаў калгасаў, падбор і замацаванне кадраў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне будаўніцтва аб’ектаў сваімі сіламі і іншае.
Тады выконваліся работы па ўзвядзенню аб’ектаў сельгаспрызначэння, жылля.
Арганізацыю неаднойчы рэфармавалі. У 1978 годзе МБА стала называцца МПМК-111. Затым набыла статус дарожна-будаўнічага прадпрыемства і ператварылася ў ПМК-9. Яе працаўнікі добраўпарадкоўвалі фермы, машынныя двары і іншыя аб’екты, будавалі, рамантавалі дарогі на тэрыторыях калгасаў і саўгасаў. У тыя гады ў ПМК мелася вялікая колькасць дарожна-будаўнічай тэхнікі, 3 асфальтабетонныя ўстаноўкі.
Работнікі прадпрыемства ў 1987-88 гадах удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у Клімавіцкім і Касцюковіцкім раёнах.
Напачатку 90-х гадоў разгарнулася будаўніцтва вытворчай базы. Дзякуючы карпатлівай працы калектыву з’явіліся гаражы, адміністрацыйна-бытавы корпус, праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Пачалося таксама будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома, дзе маючыя ў гэтым патрэбу работнікі бясплатна атрымалі жыллё. Былі ўзведзены сталярны цэх, піларама, растворабетонны вузел.
Пасля таго, як не стала Савецкага Саюза, прадпрыемству давялося перажыць не лепшыя часы. Каб выжыць, захаваць калектыў, зноў давялося асвойваць будаўніцтва грамадзянскіх аб’ектаў.
Як паведамляе ў гістарычнай даведцы намеснік начальніка ДБПМК-9 па ідэалагічнай рабоце Алеся Белькіна, калі ў 1996 годзе арганізацыя атрымала цяперашнюю назву, то не пакінула работ па добраўпарадкаванню тэрыторый і бягучаму рамонту дарог.
З 2000 па 2006 год будаўнікі рамантавалі, утрымлівалі аўтадарогі рэспубліканскага значэння Клімавічы — Касцюковічы і Хоцімск — Родня.
За перыяд з 2004 па 2008 год сіламі ДБПМК-9 уведзена ў эксплуатацыю 120 дамоў у сельскай мясцовасці, у 2009 годзе — 17 і 60-кватэрны жылы дом ЖБК “Ніка — Клімавічы” у райцэнтры.
Калі паглядзець на вынікі дзейнасці будаўнікоў у 2010 годзе, то рост аб’ёмаў склаў у дзеючых цэнах 128,2%, рэнтабельнасць — 5,5%, чысты прыбытак — 259 млн. руб.
У першым квартале 2011 года здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом у Крычаве, падыходзіць да завяршэння будаўніцтва 4 аднакватэрных каркасна-шчытавых дамоў у падсобнай гаспадарцы ЛГЗ. Словам, калектыў працуе вынікова і мэтанакіравана.
Падрыхтаваў да друку Мікалай ГЛУЗДОЎ.