Усё меней з кожным днём абпаленых агнём, знявечаных вайною ветэранаў. У аграгарадку Звянчатка жывуць тры ветэраны Вялікай Айчыннай вайны: Васілій Нікандравіч Сямікін, Васілій Ільіч Крэсаў і Фёдар Фаміч Трахаўцоў.
Васілій Нікандравіч Сямікін да вайны жыў у Цюменскай вобласці. Там жа быў прызваны ў армію ў маі 1942 года. Артылерыст. Баявое хрышчэнне атрымаў пад Вязьмай. У баях за гэты горад быў паранены. Потым шэсць месяцаў лячэння ў шпіталях, атрымаў водпуск дадому, а пасля — зноў у армію. Накіравалі ва Уладзівасток, дзе служыў да 1947 года.
Васілій Ільіч Крэсаў ураджэнец вёскі Цімошкі Мілаславіцкага сельскага Савета. Перажыў фашысцкую акупацыю. На фронт быў мабілізаваны ў жніўні 1943 года. Пасля кароткіх збораў трапіў на Проню. Там у кровапралітных баях быў паранены. Потым ваяваў у Польшчы. Яшчэ раз паранены быў на Сандамірскім плацдарме. Пасля лячэння ў шпіталях у 1945 годзе вярнуўся на радзіму.
А вось Фёдар Фаміч Трахаўцоў у армію прызваны быў яшчэ да вайны, бо нарадзіўся ў 1920 годзе. Ваяваў у артылерыі на розных франтах. Пад Ржэвам быў цяжка паранены.
Частыя госці ветэранаў — вучні Звянчацкай сярэдняй школы. І не толькі госці, але і добрыя памочнікі. А справа для спрытных рук у вёсцы заўсёды знойдзецца: вады прынесці, дровы скласці, каля дома прыбрацца… Прынамсі, дачка Фёдара Фаміча, Раіса Фёдараўна, вельмі дзякавала за ўвагу вучням дзявятага класа школы разам з класным кіраўніком Святланай Васільеўнай Лукашэнка, і асабліва Яне Ефіменка і Дзіме Баранаву як самым актыўным памочнікам і наведвальнікам.
Сустрэчы з ветэранамі, добрыя справы выхоўваюць у моладзі любоў да Радзімы, павагу да старэйшых, чуласць, спагаду, адзначае педагог-арганізатар школы Алена Мікалаеўна Герчыкава.
Галіна Цыганкова.
На здымку: у госці да Фёдара Фаміча Трахаўцова прыйшлі вучні Арцём Сянчыла, Насця Захарчанкава, Крысціна Пасекава, Вераніка Бульбянкова, Мікіта Калатоўчанкаў.
Домой Официально