Заўжды ўтульна ў чытальнай зале Барысавіцкай сельскай бібліятэкі. Сюды з задавальненнем прыходзяць мясцовыя жыхары не толькі за кнігамі і часопісамі, але і на розныя цікавыя мерапрыемствы. Іх часта сумесна праводзяць загадчыца бібліятэкі Галіна Фралова і загадчыца клуба Святлана Сяднёва.
“Залацінкі народнай мудрасці” — так называлася чарговае пасяджэнне клуба аматарскага аб’яднання “Вытокі”.
Жанчыны-працаўніцы спявалі народныя песні, успаміналі мясцовыя прыказкі і прымаўкі, звычаі і абрады, частавалі адзін аднаго нацыянальнымі стравамі…
Пра многія былыя абрады ў час свята прысутным нагадалі ветэран педагагічнай працы, стараста вёскі Н.У.Раманенка і шматдзетная маці Н.К.Федасенка. А вось новыя словы-дыялекты прысутныя пачулі з вуснаў ветэрана педагагічнай працы М.В.Сяднёвай. А як мілагучна спявалі народныя песні ўдзельніцы свята!
— Асобнай старонкай краязнаўчага накірунку нашай бібліятэкі з’яўляецца мясцовы фальклор. Мы па крупінках працягваем збіраць залацінкі народнай мудрасці ад нашых землякоў. Запрашаем моладзь на сустрэчу з людзьмі сталага веку. Толькі тады, калі мы будзем любіць родную вёску, свой край, шанаваць традыцыі, мы здолеем захаваць гэты бясцэнны скарб і перадаць у спадчыну нашчадкам, — кажа Галіна Фралова.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.
Домой Официально