Выпадковыя сустрэчы. Як часта яны становяцца вызначальнымі ў жыцці! Дзяўчына прыехала з расійскага Суража ў беларускі Магілёў, каб набыць прафесію, а знайшла ў нашай краіне свой лёс.
Юля вучылася ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова, набываючы спецыяльнасць настаўніка матэматыкі і інфарматыкі. Чаму вырашыла паступаць у нашу вну? Таму што, кажа, па-першае, ад Суража практычна аднолькавая адлегласць як да Бранска, так і да Магілёва, а па-другое — у Беларусі ў навучальных установах даюць глыбокія і трывалыя веды, беларуская адукацыя высока каціруецца ў Расіі, што немалаважна для жыцця.
Цягнік рэгулярна дастаўляў дзяўчыну з Суража Бранскай вобласці ў памежную Магілёўскую. Клімаўчанін Дзяніс таксама вучыўся ў Магілёве — у Беларуска-Расійскім універсітэце, набываў спецыяльнасць інжынера-электрыка і звычайна цягніком жа ездзіў на выхадныя да бацькоў. Вось так, у цягніку, яны выпадкова і пазнаёміліся.
Потым былі некалькі гадоў сустрэч. Скончыўшы вну, Юля па накіраванні паехала ў Касцюковіцкі раён, дзе пакуль і працуе настаўнікам у гімназіі, Дзяніс уладкаваўся ў Клімавіцкія электрасеткі інжынерам сетак размеркавання. Маладыя спецыялісты адразу ж выдатна зарэкамендавалі сябе на працоўным месцы і паспелі вызначыцца. Так, Юлія стала пераможцай раённага конкурсу «Педагагічны дэбют-2008», а Дзяніс у 2009 годзе быў прызнаны лепшым маладым спецыялістам раёна ў сферы паслуг.
Мінулым летам Дзяніс і Юля згулялі вяселле. Зараз маладыя жывуць у бацькоў мужа.
Дарэчы, старэйшыя Саскаўцовы, Надзея Васільеўна і Анатоль Іванавіч, — таксама руска-беларуская пара: бацькі жанчыны пераехалі ў свой час у Беларусь ажно з Бураціі. У Клімавічах муж і жонка жывуць з 1984 года. Надзея Васільеўна працуе электрамеханікам раённага вузла электрычнай сувязі, а Анатоль Іванавіч — аператарам кацельнай лікёра-гарэлачнага завода.
Бацькі з’яўляюцца шчаслівай сямейнай парай і добрым прыкладам для сваіх дзяцей.
Галіна Цыганкова.
Домой Официально