На працягу тыдня ў сярэдняй школе № 3 у цэнтры ўвагі быў фестываль педмайстэрства настаўнікаў пачатковых класаў «Развіццё творчых здольнасцяў вучняў на ўроках і ў пазаўрочны час».
Настаўнікі давалі ўнутрышкольныя адкрытыя ўрокі, праводзілі факультатыўныя заняткі, паказальныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Актыўны ўдзел у фестывалі прынялі бацькі. Так, у 2 «Г» класе разам з настаўніцай Ірынай Мікалаеўнай Гардзіевіч маці праводзілі ўрок працоўнага навучання.
Вельмі цікава прайшло выхаваўчае мерапрыемства «Тата, мама, я — таленавітая і творчая сям’я» ў 3 «В» класе (настаўніца — Людміла Мікалаеўна Кустрэева). Удзел прымалі сем’і Гудавых, Мініных, Кузьмянковых і Агеевых. Кожная з іх прадставіла і абараніла сямейны герб. Сем’і спрачаліся ў дасціпнасці і ведах, у музычным, творчым і кулінарным майстэрствах. Удзельнікаў актыўна падтрымлівалі балельшчыкі (вучні 3-4 класаў). Кожная сям’я атрымала грамату за перамогу ў асобнай намінацыі, а сям’я Кузьмянковых — дыплом I ступені.
Для выхаваўчага мерапрыемства ў групе падоўжанага дня 4-х класаў «Кветак прыгажосцю сэрцы сагрэем» бацькі, дзеці (дома і з настаўніцай Валянцінай Васільеўнай Ігнаценка) зрабілі вялікую колькасць цудоўнейшых кветак.
Мерапрыемства Алены Васільеўны Шупранавай, выхавацеля групы падоўжанага дня ў першых класах, «Люблю мой край, старонку гэту» несла велізарны зарад любові да Радзімы, да беларускай мовы.
Запамінальнымі былі адкрытыя ўрокі настаўнікаў 4 «А» Антаніны Міхайлаўны Шлапаковай, 2 «В» класа Наталлі Мікалаеўны Вульвач, факультатыў «Матэматычная вясёлка» Таццяны Леанідаўны Сцефаненкі, настаўніцы выяўленчага мастацтва Тамары Міхайлаўны Аляксеенкі.
Такія фестывалі — гэта і абмен вопытам, і прыклад яднання настаўнікаў, бацькоў і дзяцей.
Ірына Трахаўцова,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Падрыхтавала Галіна Цыганкова.
Домой Официально