Сівізна пасерабрыла скроні, на твары з’явілася густая сетка маршчын, але гэтыя меткі часу яшчэ толькі больш дадаюць павагі карэннай жыхарцы Д.П.Зылевай (на здымку). У вачах жа жанчыны-працаўніцы па-ранейшаму гарыць агеньчык дабрыні, аптымізму і надзеі. Пяцьдзясят восем гадоў яна крочыць па жыцці разам з мужам Валянцінам Захаравічам. Яны — шчаслівыя бацькі, якія выхавалі сабе дастойную змену. У іх два сыны і столькі ж унукаў.
Лёс не песціў Дэлю Пракоф’еўну. У яе басаногае дзяцінства чорнай хмарай уварвалася вайна, якая прынесла дзяўчынцы не толькі розныя выпрабаванні, страх, але і перашкодзіла атрымаць адукацыю.
— Да вайны паспела закончыць толькі шэсць класаў. Вось і ўся мая навука. Калі ж нарэшце мы дачакаліся Перамогі, то далей вучыцца я не магла: трэба было ісці працаваць, каб дапамагчы бацькам карміць нашу вялікую сям’ю. Нас у маці было шасцёра. Самая старэйшая — я. Спачатку пайшла пасвіць цялят. Потым працавала на адкорме свіней, а пасля мяне прынялі даяркай, — успамінае бабуля.
Дэля Пракоф’еўна сорак сем гадоў, без водпуску і выхадных, адпрацавала даяркай. Нават пайшоўшы на пенсію, яна яшчэ два гады не развітвалася са сваёй справай. Зылева заўжды сумленна ставілася да прафесійных абавязкаў. Была ў ліку перадавых даярак раёна. За гэта кіраўніцтва калгаса неаднаразова ўзнагароджвала працавітую жанчыну Ганаровымі граматамі. Мае яна і медаль “За працоўныя заслугі”.
За якую б справу ні бралася Дэля Пракоф’еўна, усё ў яе выходзіла на “выдатна”.
— Гуляць не было калі. На ферме папрацуеш, ды і дома асабліва не адпачнеш: сям’я, гаспадарка. Каля дваццаці гадоў даіла кароў рукамі. Групы былі вялікія, каля трыццаці галоў. Часам здаралася, што прападала святло. Тады мы бралі бутэльку з газай, клалі ў яе перарэзаную бульбу з удзетым кнотам. Вось пры такім асвятленні і працавалі, — кажа мая суразмоўца.
Д.П.Зылева актыўная ўдзельніца мастацкай самадзейнасці. Яна — знаўца народных песень і абрадаў. Мудрая бабуля імкнецца перадаць моладзі гэты бясцэнны скарб.
Таццяна ІВАНОВА.
Домой Официально