Старадзедзінская зямля стала калыскай для многіх нашых знакамітых землякоў. Пра іх жыццёвы шлях мы ўжо не раз расказвалі на старонках раённай газеты.
Напярэдадні свята зноў нагадаем іх імёны, якія праславілі наш раён. Гэта заслужаны настаўнік БССР Лідзія Кірпічэнка, доктар ветэрынарных навук, прафесар Мікалай Кавалёў, доктар ветэрынарных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР Іван Дземідзенка, інжынер-канструктар цэнтральнага канструктарскага бюро эксперыментальнага машынабудавання (такую назву мела тады ракетна-касмічная карпарацыя “Энергія” імя С.П. Каралёва, вядучае прадпрыемства былога СССР у галіне ракетабудавання) Віталій Маханько, паэты Павел і Алесь Пруднікавы і многія іншыя.
Старадзедзінцы сваёй плённай працай не раз сцвяр-джалі, што гэты край багаты на таленты. А майстры слова ў сваіх вершах не пераставалі ўсхваляць родныя мясціны, дзе пачаўся іх жыццёвы шлях.
Паэт Павел Пруднікаў прысвяціў сваёй вёсцы вось гэты верш:
Стары Дзедзін
Цябе ведалі ўсюды па бочках, гаршках,
Па млыну, па духмянаму сену,
Па смалянай лучыне з былога Ражка,
Па лапцях, канаплянаму семю.
Крэйдай славіўся, можа, губерні на тры,
Жабракамі на многія вёскі.
На паўсвета разносілі жальбы вятры
Сумных песень і іх адгалоскі.
Вось і ўсё, чым ты славіўсяспокан вякоў,
Чым жылі твае родныя дзеці.
Так вякамі стаяла над ціхай ракой
Вёска з простаю назваю — Дзедзін.
Так было цэлых сотні гадоў,
Што ў журбе над табой праляталі.
Яшчэ зараз мне мрояцца слёзы удоў,
Быццам даўнюю кнігу гартаю.
Сёння ж славішся ты умалотам хлябоў
І людскою нястомнаю працай.
Не адвечныя стогны адвечных рабоў —
Песні радасці ў клубе-палацы.
Ты Радзіме сваёй падарыў урачоў,
Педагогаў, вучоных, паэтаў.
Яны крочаць з табою плячо у плячо
Па прасторах, юнацтвам сагрэтых.
Трактарысты, шафёры і ўдзень, і ўначы
Будзяць гулам матораў дуброву.
Гэта гімн маладосці і працы гучыць,
Гэта тое, што зычыць дабро нам.
Не, другое імя табе трэба даваць:
Не стары ты сягоння, хоць Дзедзін.
З маладосцю табе назаўжды сябраваць,
Весяліцца на ўцеху суседзям!