Жанчына, як песня

Жанчына, як  песня

Вёска Стары Дзедзін славіцца сваёй песеннасцю, самабытнасцю…
У былыя часы сюды шэсць разоў прыязджалі этнографы з Ленінградскага універсітэта, каб запісаць мясцовы самабытны фальклор. Пазней, на аснове сабранага тут матэрыяла, расійскія спецыялісты выдалі тры зборнікі песень і манаграфію па народным танцам. Цікава, што дыск з песнямі мясцовых жыхароў выйшаў у Заходняй Германіі.
Стары Дзедзін вядомы далёка за межамі нашай краіны народным фальклорна-этнаграфічным ансамблем “Астранка”, заснавальніцай якога з’яўляецца Галіна Брыкава. Назва гаваркая — побач працякае рака Асцёр.
— У сям’і маіх бацькоў было шасцёра дзяцей. Жылося нам у той час нялёгка, але пелі заўсёды. Танцаваць вучыліся адзін у аднаго, а таксама на вяселлях і хрэсьбінах. Яшчэ падлеткам я ведала больш за сто народных песень, умела скакаць розныя танцы — сямёнаўну, кракавяк, падыспань, кадрыль, вальс 12 кален, дасаду і іншыя, — узгадвае Галіна Васільеўна.
У Старым Дзедзіне жанчына спаткала свой лёс — будучага мужа Аляксея Фядосавіча. Разам з ім яны крочаць сорак восем гадоў. Выхавалі дваіх дзетак. Маюць чацвёра ўнукаў і аднаго праўнука. Па словах спявачкі, яе сын і дачка сталі штуршком для стварэння цяпер ужо легендарнай “Астранкі”.
— Калі я выйшла на працу, то малых не было з кім пакінуць дома. Паглядзець за імі прасіла бабулек-суседак. І кожны раз, калі вярталася дадому, бачыла наступнае: дарослыя спявалі песні, а малыя з цікавасцю слухалі. Вось тут у мяне і з’явілася думка — а ці не арганізаваць нам гурток, дзе б збіраліся жыхары вёскі, спявалі, танцавалі? З гэтага ўсё і пачалося, — узгадвае мая суразмоўца.
Трыццаць восем гадоў Галіна Васільеўна была загадчыцай мясцовага клуба. Узнагароджана шматлікімі Ганаровымі граматамі, у тым ліку і Міністэрства культуры БССР. Са сваімі салісткамі яна аб’ездзіла палову былога СССР. Вяла ў школе фальклорны гурток. І зараз, ужо на пенсіі, прымае актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах раёна. Нярэдка сустракаецца з моладдзю, каб перадаць ёй тую багатую спадчыну, якую назапасіла за гэты час.
На здымку: Галіна Брыкава.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.