Вёска Стары Дзедзін імгненна стала добра вядомай пасля таго, як тут быў знойдзены летам 1926 года адзін з самых старажытных скарбаў у Беларусі.
Селянін Трафім Гудкоў араў свой участак зямлі і ўбачыў гліняны гаршок з незнаёмымі манетамі. Камсамольцы Алесь і Павел Пруднікавы напісалі пра знаходку ў газету “Беларуская вёска”. Пісьмо перадалі ў Акадэмію Навук БССР. Манеты даставілі ў Мінск. Пасля дэталёвага аналізу высветлілася, што скарб быў схаваны паміж 980 і 985 гадамі. Было знойдзена 204 старадаўнія манеты. У іх ліку: 201 куфічны дырхем, 2 дынарыі Германіі і візантыйскі міліарысій. Выяўленыя ў скарбе дырхемы чаканіліся ў Антыохіі, Багдадзе, Хамадане, Ісфахане, Балхе, Самаркандзе, Бухары і іншых месцах.
Скарб знаходзіўся ў Беларускім дзяржаўным музеі. На вялікі жаль, не захаваўся.
Мінула ўжо не адно дзесяцігодззе пасля таго, як тут адбылася гэта значная падзея. Але мясцовыя жыхары вам і зараз пакажуць тое месца, дзе старадзедзінская зямля прыадкрыла адну са сваіх таямніц. Летам пры ўездзе ў гэту старадаўнюю вёску быў устаноўлены памятны знак (на здымку) з надпісам аб тым, што тут быў знойдзены скарб.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.
Домой Официально