Такую назву мела свята, што праводзілася 14 жніўня, на Макавея. Прысвячалася яно старажытнай вёсцы Стары Дзедзін — адной з самых славутых на Клімаўшчыне. І, вядома ж, — цудоўным людзям, што жылі і жывуць на гэтай зямлі.
Пачалося мерапрыемства з хрэснага ходу, які ўзначаліў свяшчэннаслужыцель Свята-Міхайлаўскага храма айцец Сергій з прыхаджанамі. Ад в. Новы Дзедзін святочная калона з харугвамі, крыжам, царкоўнымі песнапеннямі накіравалася да добраўпарадкаванага “Бяздоннага калодзежа”. Тут быў здзейснены малебен з водасвяццем крыніцы. І ўсіх прысутных святы айцец акрапіў асвячонай вадой.
Што ўяўляе сабой крыніца? Па легендзе, тут калісь стаяла цэркаўка. Але яна правалілася пад зямлю . Так узнік бяздонны калодзеж. Потым тут здзяйсняліся малебны, асвячэнне вады, сюды прыходзілі людзі з верай, надзеяй на збавенне ад хвароб і напасцяў. Як сказаў а. Сергій, да крыніц, маючых вялікае духоўнае значэнне, мы павінны адносіцца з павагай, бо яны — суцяшэнне ў смутку.
Прадстаўнік праваслаўнай царквы падзякаваў мясцовай уладзе, што яна выступіла з ініцыятывай акультурыць крыніцу.
Брала слова на гэтым мерапрыемстве і намеснік старшыні райвыканкама Алена Дзівакова. У прыватнасці, яна сказала:
— Адраджэнне вёскі пачынаецца ў першую чаргу з адраджэння яе гісторыі, абрадаў, традыцый. Сёння пачынаецца новы віток у гісторыі Старога Дзедзіна. Усё, што тут зроблена — для людзей. Няхай гэта крыніца, яе чыстая вада лечыць не толькі хваробы (кажуць, асабліва карысная яна для вачэй — аўт.), а і нашы душы. Мы будзем і надалей праводзіць добраўпарадкаванне. Праз нейкі час пачне дзейнічаць тут і турыстычны маршрут.
Святочнае мерапрыемства праходзіла на ўзбярэжжы хуткаплыннага Астра, дзе размясцілася імправізаваная сцэна, стылізаваная пад быт колішніх насельнікаў тутэйшых месцаў. Каб наталіць душу жывой вадою даўніны, дакрануцца да вытокаў гісторыі, сюды завітала багата ўраджэнцаў Старога Дзедзіна, яе сённяшніх жыхароў, паважаных гасцей.
Усіх сабраўшыхся шчыра павіншаваў са знамянальнай падзеяй старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Далгун.
З гэтай жа нагоды на адрас старадзедзінцаў паступіў прывітальны адрас ад ініцыятыўнай групы з германскага горада Хаген, дзе неаднойчы знаходзіліся на аздараўленні мясцовыя дзеці. Падпісалі віншаванне кіраўнікі групы па Клімавічах Марцін Брадэнбрынк і Томас Гроссе.
Некалі тут, у маляўнічым, ажыўленым месцы, шумелі далёка вядомыя старадзедзінскія кірмашы. Вырабы майстроў карысталіся велізарным попытам. Славілася прыасцёрская зямля кавалямі ды ганчарамі, рыбакамі, волатамі, песнярамі, хлебам, ільном, пірагамі.
… Мажны “гусляр” быццам вяртае нас у далёкую мінуўшчыну. Удзельнікі тэатралізаванага прадстаўлення — артысты раённага цэнтра культуры — бойка прапаноўваюць усім купіць вырабы Дома рамёстваў: “Глякі, глякі! Купляйце глякі!”. А яшчэ ў гандляроў ёсць курыныя яйкі — з тоўстым шкарлупіннем, двухжаўтковыя! Ёсць і гародніна — свежая, смачная. Ну, як тут не спакусіцца? На сельскіх падворках таксама не сумавалі.
Свята распачынаецца.
Аб тым, якой была раней старажытная вёска, успомніла дачка самай старэйшай яе жыхаркі — Валянціны Міхалёвай — Ганна Абадкова.
Эпізоды з гісторыі працягваюцца. Аб страшэнным часе Вялікай Айчыннай вайны распавядала Зінаіда Асіпенка. Многія старадзедзінцы дайшлі да фашысцкага логава і распісаліся на сценах рэйхстага: Іван Шашэнька, Рыгор і Васіль Старавыбарныя, Аляксей Цімашэнка і іншыя. 138 вяскоўцаў загінулі смерцю храбрых. Хвілінай маўчання ўшанавалі іх памяць удзельнікі свята.
Нашчадкі дастойна працягваюць справу. Старшыня Кісялёва-Будскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Застрэлаў, дырэктар ААТ “Звянчацкі” Ігар Коцікаў уручылі падарункі лепшым працаўнікам.
Спонсарамі выступілі старадзедзінец, зараз жыхар Наваполацка, Сяргей Вярцінскі, таварыства з абмежаванай адказнасцю “Вудтэхінвест”, Алег Пуцылеў, які жыве ў Падмаскоўі.
Ад імя землякоў шчыра падзякавала раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў, усім, хто ладзіў свята, стараста вёскі Стары Дзедзін Таццяна Скоцкая. Яна ж уручыла падарунак гаспадару лепшага падворка Віктару Ляпунаву.
Атрымалі падарункі і кветкі таксама шмат-дзетная сям’я Тамары Кірпічэнка, бацькі самага юнага жыхара вёскі, Ягоркі, Пётр і Юлія Саўчанкі, ветэраны працы. Сярод перадавікоў — даярка Рыта Лабанава, брыгадзір паляводчай брыгады Любоў Кажамякіна, педагог Марыя Максімовіч, загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта Марына Чуйкова і іншыя.
Добра разыходзілася прадукцыя клімавіцкага хлебазавода — квас, прапаноўваў свае вырабы камбінат хлебапрадуктаў, шпарка працавалі работнікі райспажыўтаварыства.
Музычныя падарункі ўручалі этнаграфічны гурт старадзедзінскага сельскага клуба, народны хор народнай песні РЦК, вакальны квартэт “Настальжы” з Ціманава, іх калегі з Мілаславічаў і ўсе, хто стварыў тут атмасферу прыязнасці, добрага настрою.
Даражэй няма на свеце краю, дзе ты нарадзіўся і жывеш.
Мы — беларусы. Актывісты грамадскага аб’яднання “БРСМ” з дзяржаўнымі сцягамі нашай краіны сімвалізавалі яе будучыню, энергію і росквіт.
Пранікнёна віталі ўсіх сабраўшыхся колішнія старадзедзінцы Мікалай Ляпунаў, Сяргей Вярцінскі.
На “біс” прымалі гледачы песні ў выкананні прыехаўшай на наша свята заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Ірыны Дарафеевай і яе творчых сяброў.
Свята ўдалося. Нам жыць, натхнёна працаваць, берагчы свае традыцыі, культуру, як гэта ўмелі рабіць нашы продкі.
Валянціна КВАРЦЮК,
Мікалай ГЛУЗДОЎ.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.
Домой Официально