Гандаль — сямейны занятак

Гандаль — сямейны занятак

Нямала добрых слоў гавораць ціманаўцы ў адрас індывідуальных прадпрымальнікаў Анатоля Васільевіча і Алены Аляксееўны Асмалоўскіх: у іх заўсёды свежыя прадукты, гаспадары ўлічваюць попыт і густ пакупнікоў, практычна няма чаргі — абслугоўваюць ветліва і хутка, і г. д.
Ад пасёлка перасяленцаў да цэнтра Ціманава з яго шэрагам гандлёвых аб’ектаў даволі далёка. Раней жыхарам згаданага вышэй мікрараёна за ўсім неабходным даводзілася ісці менавіта ў цэнтр, зараз жа патрэбнае можна купіць паблізу (што вельмі зручна). І гэта стала магчыма дзякуючы індывідуальным прадпрымальнікам Асмалоўскім.
Магазін стаіць на ўскрайку аграгарадка, на шляху да новага жывёлагадоўчага комплекса. Спачатку тут паставілі адзін павільён — прадуктовы, а нядаўна адкрылі і прамтаварны. Хутка разыходзяцца тавары штотыднёвага попыту: хлебабулачныя вырабы, мясныя, малочныя прадукты. У гэтую спёку павялічыўся попыт на розныя безалкагольныя напоі, марожанае. Сфарміравалася вялікае кола пастаянных пакупнікоў.
— Я ў Хацені жыву, а пры выпадку стараюся заехаць за пакупкамі менавіта сюды, — зазначае Канстанцін Старавойтаў.
Алена Аляксееўна мае вялікі стаж прадаўца. Добра знаёмы з гандлем і Анатоль Васільевіч. Працоўная закалка цяпер дапамагае ў асабістай справе, якой займаюцца з 2002 года.
Анатоль Васільевіч са Стаек, Алена Аляксееўна — з Жэўжыка. Вёскі недалёка адна ад адной, і маладыя людзі пазнаёміліся на танцах. Праз пэўны час пабраліся шлюбам. У лістападзе будуць адзначаць дваццацігадовы юбілей вяселля. Дарэчы, асабісты юбілей — 45 год з дня нараджэння — у жніўні адзначыць гаспадар.
Абое з мнагадзетных сем’яў: чацвёра дзяцей было ў яго бацькоў, трое — ў бацькоў яе.
— Мы прывыклі да вялікіх сем’яў, вось і самі нарадзілі чацвярых, — тлумачыць маці.
Малодшаму, Анатолю, пяць гадоў. Ён ходзіць у дзіцячы садок «Церамок», Сяргей і Мікалай вучацца ў Ціманаўскай школе, адпаведна ў 5 і 9 класах. Дачка Ілона замужам, падарыла бабулі з дзядулем унука: маленькаму Адамку пяць месяцаў.
Ілона да нараджэння дзіцяці таксама прымала ўдзел у сямейнай справе, а зараз падчас канікул бацькам у працы дапамагае Мікалай. Атрымліваецца няблага, лічаць тата з мамай, ёсць у сына гандлярская жылка.
Працавітая, руплівая сям’я. Нягледзячы на турботную справу, якой з’яўляецца гандаль, муж з жонкаю знаходзяць час для любімых заняткаў.
Алена Аляксееўна захапляецца кветкамі: з ранняй вясны і да позняй восені яркія рознакаляровыя прыгажуні змяняюць адна адну ў прасторным палісадніку, радуюць людское вока.
У Анатоля Васільевіча «салодкае» захапленне: ён пчаляр, мае неблагую пасеку. Па бацькавых слядах ідуць сыны: Коля з Сярожам з ахвотай дапамагаюць на пасецы тату і зусім не баяцца джалячых істот.
Жылі ў Стайках. Чатыры гады таму з дапамогай дзяржавы (як мнагадзетная сям’я) набылі ўласны дом у райцэнтры. Ужо, можна сказаць, абжыліся. Але задумак і планаў яшчэ шмат.
Галіна Цыганкова.