Раней бондары былі амаль у кожнай вёсцы, бо без іх вырабаў не магла абысціся ні адна сялянская гаспадарка. Зараз такіх майстроў сустрэнеш нячаста. Адзін з іх жывё ў вёсцы Барысаўка Клімавіцкага раёна.
Пра залатыя рукі Васіля Філіпавіча Кузьмянкова ведаюць не толькі яго землякі, але і жыхары суседніх вёсак. Ён добры майстар, дбайны гаспадар, паважаны бацька. З жонкай Ганнай Парфёнаўнай узгадавалі дваіх дзетак. Маюць чацвёра ўнукаў і праўнука.
З даўніх часоў у народзе заўсёды паважалі чалавека, які меў уладу над дрэвам: мог апрацаваць яго, прымусіць слухацца і служыць на карысць людзям. Адной з самых каштоўных парод дрэў, якую выкарыстоўвалі майстры-бондары, быў дуб. З яго выраблялі бочкі пад розныя напоі (ад драўніны дуба квасы і сокі атрымоўвалі характэрны смак), біклагі, кубельцы і дзежкі. З сасны — цэбры, жлукты, балеі; з елкі — даёнкі, бойкі і кадзі. Абручы для посуду — з ляшчыны ці дубу, радзей з елкі.
— Мой дзед быў добрым бондарам. Я гэтаму майстэрству навучыся ў яго. Маленькім уважліва назіраў за яго працай. А пазней сам пачаў рабіць шайкі, з якіх паілі кароў. Потым навучыўся майстраваць бочкi, кадушкi, кубельцы, цэбры, дзежкi, вёдры, маслабойкi. Іх не раз заказвалі ў мяне сваякі ці знаёмыя, — кажа майстар.
— А ці цяжка змайстраваць бочку? — пацікавіўся аўтар гэтых радкоў.
— Калі ўмееш, то не. Усе майструю ўручную з дапамогай рубанка, фуганка, скоб, цыркуля, сякеры. Спачатку дрэва расколваю на часткі. Сушу. Выгінаю. Выстругваю фуганкам. Сціскаю абручамі. Цяжэй за ўсё падагнаць дно, — расказвае майстар.
У гаспадарцы Кузьмянковых можна ўбачыць шмат бондарных вырабаў.
— У бочках мы на зіму замочваем гуркі, квасім капусту. А якія смачныя атрымоўваюцца яблыкі ў бачонку з дуба. Іх заліваем вадой, у якую дабаўляем цукар. Дно бочкі і верх яблык засцілаем жытняй саломай. Садавіна захоўваецца да самай вясны, — кажа гаспадыня.
Трэба сказаць, што Васіль Філіпавіч усё сваё жыццё нешта прыдумляе і майструе. Калі раней мужчына працаваў у калгасе токарам, то не раз рабіў з непатрэбных на першы погляд дэталяў розныя важныя часткі для машын. За гэта Усесаюзнае таварыства вынаходнікаў і і рацыяналізатараў узнагародзіла яго граматай.
Наш зямляк робіць таксама кошыкі, граблі, тапарышчы і шмат іншых патрэбных рэчаў. Самаробны трактар, які дапамагае Кузьмянковым апрацоўваць агарод, — таксама справа яго рук.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Васіль Філіпавіч і Ганна Парфёнаўна.
Домой Официально