Заклінальнікі дажджу

У вёсцы Стары Дзедзін захавалася багата традыцый з далёкіх часоў. І гэта нягледзячы на тое, што за вокнамі — стагоддзе інфармацыйных тэхналогій, атама і іншых разумовых дасягненняў чалавека. Адна з іх — выклікаць дождж.
— У час вялікай спёкі жанчыны пераворваюць рэчку. Рабіць гэты абрад трэба без адзення. Пры гэтым неабходна казаць пэўныя рытуальныя словы-заклікі, — паведамляе карэнная жыхарка вёскі Галіна Брыкава.
Мясцовыя жыхары, прычым многія з іх маюць вышэйшую адукацыю, у эфектыўнасці гэтага метаду дакладна перакананы. Ім нярэдка даводзілася назіраць, як пасля такога абраду ішоў дождж.
Па словах дацэнта кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. А. Куляшова Аляксандра Коласава, гэта адзін са старажытных язычніцкіх абрадаў, які накіраваны на выклік духа дажджу.
Таццяна Падліпская.