Свята творчасці прайшло ў раённай гімназіі пад назвай “Мая Радзіма — Беларусь”. У ім прынялі ўдзел вучні пятых класаў. Правяла гэта цікавае мерапрыемства настаўніца беларускай мовы і літаратуры І. Ф. Сінічкіна.
Свята складалася з розных намінацый, у якіх кожны вучань, у залежнасці ад сваіх здольнасцяў, змог праявіць сябе.
Ганна Міхеенка і Ягор Чмуроў эмацыянальна прачыталі ўласныя вершы, якія не пакінулі абыякавымі прысутных. Падчас музычнай намінацыі прыпеўкамі і песнямі весялілі гасцей Лізавета Асмалоўская, Насця Каралёва, Асель Абулхаірава, Марына Ефіменка, Таня Назаранка і іншыя. На губным гармоніку граў Дзяніс Даніленка, а на балалайцы — Дзмітрый Пруднікаў. Не абыйшлося і без танцаў.
Намалявалі пяцікласнікі і розныя малюнкі, на якіх адлюстравалі родныя мясціны і краявіды. Антон Аўхіменка, Уладзіслаў Паддзявалін, Вольга Ляшчына, Юрый Матусевіч, Каця Марчанка і іншыя вучні зрабілі цікавую прэзентацыю сваіх работ. А вось у наступнай намінацыі, драматычнай, хлопчыкі і дзяўчынкі праявілі сябе сапраўднымі артыстамі. Кожны з іх імкнуўся як мага лепш сыграць сваю ролю ў сцэнках з народнага гумару. Трэба сказаць, што ў іх гэта добра атрымалася. Бурныя апладысменты гучалі ў адрас Станіслава Камкова, Вадзіма Цэлікава, Антона Плотнікава, Антона Здараўцова, Сяргея Базылёва, Мікіты Пятрэнкі і іншых.
Значную дапамогу ў падрыхтоўцы да мерапрыемства аказалі вучням іх класныя кіраўнікі — Л. А. Лімарава і Т. Я. Сарокіна.
Нямала радасных хвілін і станоўчых эмоцый падарыла кожнаму прысутнаму гэта мерапрыемства. Удзельнікі свята ў чарговы раз пераканаліся ў тым, што трэба шанаваць сваю Радзіму, родную мову і развіваць свае здольнасці.
Таццяна Падліпская.
Домой Официально