Каля трыццаці гадоў займаецца вышыўкай жыхарка аграгарадка Лобжа Наталля Каваленка. За гэты час яна вышыла шмат ручнікоў, абрусаў, сурвэтак, кашуль, фартухоў, навалачак…
Некаторыя свае вышываныя рэчы падарыла сябрам, перадала ў раённы краязнаўчы музей. Асобныя яе работы — на рэлігіёзную тэматыку.
— Сама прыдумваю ўзоры. Малюю іх. Потым вышываю акрылавымі ніткамі крыжыкам ці гладдзю, — кажа Наталля Мікалаеўна.
Зараз гэта майстрыца вышывае карціну “Лебедзі на возеры”.
Наталля Каваленка працуе загадчыцай Лабжанскага клуба. Добры голас, якім валодае жанчына, дастаўся ёй у спадчыну ад бацькі Мікалая Міхайлавіча. У гэтай цікавай жанчыны ёсць і яшчэ адно важнае захапленне. Яна — аўтар больш дваццаці песень. Шаснаццаць з іх пакладзены на ноты. Неўзабаве яны ўбачаць свет у зборніку нашай зямлячкі. Тэматыка твораў самая розная — пра каханне, пра сэнс жыцця, дзіцячыя песні.
— У школьныя гады спрабавала пісаць вершы. А цяпер песні нібыта самі “пачалі нараджацца” у маёй галаве, а я пераношу іх словы на паперу, — радасна гаворыць мая суразмоўца. — Менавіта песня дае мне сілы, падбадзёрвае.
Адна з песень Наталлі Мікалаеўны прысвечана Міжнароднаму фестывалю “Залатая пчолка”, які праходзіць у нашым горадзе.
Н. М. Каваленка з’яўляецца кіраўніком многіх гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць пры клубе. Да яе заўжды з ахвотай прыходзяць дарослыя і дзеці.
Жыхарка аграгарадка любіць кветкі, якіх у яе доме багата.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Наталля Каваленка.
Домой Официально