Сёлета споўнілася 80 гадоў з дня нараджэння В. І. Храмянкова, які ўсё сваё жыццё працаваў на педагагічнай ніве. Васіль Іванавіч добра вядомы на Клімаўшчыне і як паэт, на вершы якога заслужаны дзеяч культуры Беларусі Л. І. Ячнеў напісаў некалькі песень.
Нядаўна работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі падрыхтавалі зборнік «Каскад душы», у які ўвайшлі некаторыя з твораў паэта. Пісаў В. І. Храмянкоў на рускай і беларускай мовах. Замест прадмовы да кнігі выкарыстана сачыненне Дзімы Падабеда, у той час вучня 6-га класа СШ № 3, а зараз — студэнта Віцебскага медуніверсітэта, унука Васіля Іванавіча Храмянкова. Дзіма піша:
«Я хачу расказаць пра свайго дзядулю Храмянкова Васіля Іванавіча. Ён нарадзіўся 10 сакавіка ў 1930 годзе ў вёсцы Гусарка Клімавіцкага раёна, дзе і прайшло амаль усё яго жыццё. Закончыў школу, а потым Магілёўскі педагагічны інстытут. Працаваў настаўнікам гісторыі ў Гусаркаўскай школе, а потым доўгі час быў дырэктарам гэтай школы. У 1976 годзе ён стаў загадчыкам раённага аддзела адукацыі, а потым да самай пенсіі працаваў дырэктарам трэцяй школы і выкладаў гісторыю.
Мой дзядуля быў цудоўным чалавекам. У яго было шмат захапленняў: ён умеў рабіць мэблю, апрацоўваць дрэва і рабіць з яго розныя рэчы. Ён быў печніком і садаводам, пчаляром і сталяром. Добра ведаў сялянскае жыццё.
Самым вялікім захапленнем у жыцці дзядулі была паэзія і музыка. Ён напісаў шмат вершаў і вельмі любіў граць на сваім гармоніку.
Мой дзядуля быў вясёлым чалавекам, гумарыстам і жартаўніком. Ён вельмі цікава расказваў розныя гісторыі. Яго можна было з захапленнем слухаць гадзінамі. Дзядуля быў разумны, эрудзіраваны чалавек і мог адказаць на любое маё пытанне. Я вельмі любіў праводзіць з ім свой вольны час.
Самым незабыўным для мяне стала паездка ў санаторый “Беларусь”. Мы з дзядулем хадзілі ў кіно, каталіся на катамаране, ездзілі ў Мінск. Там я ўпершыню пракаціўся ў метро. Дзядуля мяне ўволю накатаў. Потым мы хадзілі ў цырк і гулялі па Мінску. Хаця мне тады было ўсяго пяць гадоў, але я добра памятаю гэту паездку.
Мне вельмі шкада, што цяжкая хвароба абарвала жыццё майго дзядулі, але мы — яго ўнукі і дзеці — ніколі яго не забудзем».
Василий ХРОМЕНКОВ
КЛІМАЎЧАНКА
Неба сакалінага
Сіні парасон —
Кожны дзень мне сніцца
Ўсё адзіны сон:
На шчаках дзве ямачкі,
Русая каса,
Мая клімаўчаначка,
Мая клімаўчаначка,
Дзяўчыначка-краса!
Куды ні паеду,
Куды ні пайду,
Пра цябе я мару,
Пра цябе адну.
На шчаках дзве ямачкі,
Русая каса,
Мая клімаўчаначка,
Мая клімаўчаначка,
Дзяўчыначка-краса!
Як у Чорным возеры
Над Сажом сівым
Усё б жыццё я плаваў
У позірку тваім.
На шчаках дзве ямачкі,
Русая каса,
Мая клімаўчаначка,
Мая клімаўчаначка,
Дзяўчыначка-краса!