Што такое шчасце? Упэўнена, што кожны з вас, паважаныя чытачы, адкажа на гэта пытанне па-рознаму. А вось для клімаўчанкі Галіны Бобрык формула гэтага пачуцця наступная: здаровыя дзеці і родныя, лад у сям’і, штодзённыя маленькія поспехі і радасці блізкіх людзей.
Галіна вырасла ў мнагадзетнай сям’і. Вельмі ўдзячна сваёй матулі Лідзіі Пятроўне, якая выхавала яе, навучыла жыццёвай мудрасці, што не раз спатрэбілася дачцэ ў дарослым жыцці. Галіна Анатольеўна зараз і сама — маці пяцярых дзяцей. Дзякуючы ёй, двое з іх адчулі бацькоўскую цеплыню, утульнасць сямейнага ачага. У гэтай жанчыны не зусім звычайная прафесія. Яна — прыёмная маці. Асноўны яе занятак — займацца выхаваннем дзетак. І трэба сказаць, у Бобрык гэта добра атрымліваецца.
Самы старэйшы з дзяцей — Дзяніс. Ён ужо мае сваю сям’ю, у яго нарадзіліся два сыночкі. Жыве ў Салігорску, працуе на «Белкаліі». Сын Павел робіць механікам у ПМК-9, завочна набывае вышэйшую адукацыю ў Бранску. Астатнія дзяўчынкі і хлопчык вучацца ў сярэдняй школе № 1.
Сямікласнік Ігар займаецца спортам. На працягу чатырох гадоў наведвае секцыю футбола. Неаднаразова паспяхова ўдзельнічаў у розных конкурсах. Шасцікласніца Лена захапляецца валейболам. Пяцікласніца Карына — стараста класа. Некалькі разоў на тыдзень яна наведвае дзіцячую школу мастацтваў, дзе вучыцца танцаваць.
Значную дапамогу Галіне Анатольеўне аказвае яе муж Уладзімір Аляксеевіч, які працуе вадзіцелем-дальнабойшчыкам. Дзеці адчуваюць пяшчоту бацькоў, таму і цягнуцца да родных людзей, шчыра адкрываюць перад імі свае маленькія сэрцы, дзеляцца з імі самым патаемным.
— Значную ўвагу надаю вучобе маіх дзетак-школьнікаў. Абавязкова трымаю гэта на штодзённым кантролі. Падтрымліваю цесную сувязь з іх класнымі кіраўнікамі, і гэта прыносіць станоўчыя вынікі, — кажа маці. — Поспехі дзяцей, іх радасці для мяне — жыццядайная крыніца натхнення.
У сям’і ёсць добрыя традыцыі — збірацца разам на дні нараджэння, ездзіць у госці да сваякоў. Дзеці ж заўжды дораць сваёй любімай мамачцы кветкі ў святочныя дні.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Лена, Галіна Анатольеўна, Ігар, Карына.
Домой Официально